26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сірыя разлічвае рэалізаваць у Беларусі праекты ў галіне машынабудавання, паведаміў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сірыі ў Беларусі Фарук Таха, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У прыватнасці, па словах пасла, сірыйскі бок зацікавілі беларускія аўтобусы і сельскагаспадарчая тэхніка. У цэлым па выніках двухдзённага візіту Прэзідэнта Сірыі Башара Асада ў Беларусь, які пачаўся сёння, тавараабарот паміж краінамі плануецца павялічыць. Фарук Таха таксама адзначыў, што Беларусь і Сірыю звязвае даўняе сяброўства. Візіт прэзідэнта гэтай краіны ў Беларусь з'яўляецца першым, таму ў пэўнай ступені гістарычным. Плануецца дасягнуць дамоўленасцей, якія ахопліваюць розныя сферы. Як падкрэсліў кіраўнік сірыйскай дыпмісіі, прававую базу далейшага супрацоўніцтва дзвюх краін стварыў візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Сірыю, які адбыўся ў 2003 годзе. Беларуска-сірыйскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ўпэўнена развіваецца. Тавараабарот паміж Беларуссю і Сірыяй вырас з $2,1 млн. у 1999 годзе да $85,5 млн. у 2008-м. У мінулым годзе ён склаў $57,7 млн. Пры гэтым беларускі экспарт у гэту краіну дасягнуў $55,4 млн., а імпарт з Сірыі - $2,2 млн. Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту - аўтатрактарная тэхніка, сухое малако, комплексныя штучныя ніткі. З Сірыі імпартуецца пладаагароднінная прадукцыя, тканіны, папяровая прадукцыя, лекавыя сродкі, алюмініевая стужка.

БЕЛТА