20 кастрычніка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Сістэма льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі захаваецца. Аб гэтым заявіла сёння журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Надзея Ермакова сказала, што льготнае крэдытаванне жылля ў Беларусі застанецца, у наступным годзе яно будзе ажыццяўляцца, аднак абмежавана. "Нічога страшнага, калі адзін-два гады мы пачакаем і не будзем гэту сістэму развіваць у шырокім маштабе, як раней", - лічыць кіраўнік Нацбанка. На яе думку, жыллёвыя праграмы ў Беларусі ў цэлым давядзецца прыпыніць і значна скараціць на некаторы час. Старшыня праўлення Нацбанка канстатавала існаванне праблем па крэдытах, якія ўжо выдадзены на будаўніцтва жылля. "З імі ёсць праблемы, у тым ліку па валютных крэдытах", - сказала яна. Многія банкі прыслухаліся да рэкамендацый Нацбанка і сталі індывідуальна падыходзіць да разгляду пытанняў па праблемных крэдытах у працы з насельніцтвам. "26 чысла мы будзем праводзіць пашыранае пасяджэнне праўлення Нацбанка і будзем яшчэ даваць банкам рэкамендацыі, прасіць, каб яны па-чалавечы звярталіся з той ці іншай сям'ёй, улічвалі кожную жыццёвую сітуацыю", - рэзюмавала Надзея Ермакова. -0-

БЕЛТА