7 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Сістэма лаяльнасці" знаходзіць усё большую падтрымку ў Віцебску і ўжо аб'ядноўвае 72 аб'екты гандлю, грамадскага харчавання і сферы паслуг. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама Ірына Супрун. Для падтрымкі сацыяльна не абароненых слаёў насельніцтва ў ліпені бягучага года ў абласным цэнтры запрацавала сістэма скідак на тавары і паслугі для пенсіянераў, інвалідаў I і II груп, шматдзетных сем'яў, якую прадастаўлялі тады каля дзясятка гандлёвых сетак, фірменных магазінаў прамысловых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, служба побыту. Сёння гэтая сістэма значна пашырылася і аб'яднала 72 аб'екты. Разам з акцыянернымі таварыствамі, якія маюць долю дзяржавы ва ўстаўным фондзе, да акцыі далучыліся бізнесмены. Напрыклад, скідкі ў 30% на комплексныя абеды для пенсіянераў устанавіла кафэ, што належыць дзяржаве ААТ "Вітміл", і такія ж скідкі на найбольш папулярныя стравы прадаставіў шматдзетным сем'ям прыватны рэстаран хуткага харчавання. Сацыяльна значныя харчовыя і нехарчовыя тавары пенсіянеры, інваліды I і II груп, шматдзетныя сем'і могуць набыць са зніжэннем гандлёвай надбаўкі на 4%-15% у магазінах, уладальнікамі якіх з'яўляюцца суб'екты розных форм уласнасці. У сферы бытавых паслуг "сістэму лаяльнасці" падтрымалі 19 цырульняў, 6 фотастудый ААТ "Мір паслуг", у 10 прыёмных пунктах ААТ "Аб'яднанне "Лотос" малазабяспечаныя грамадзяне могуць здаць у пральню бялізну і пачысціць падушкі. Служба побыту не забылася і пра студэнтаў. У двух аб'ектах ім прадастаўляецца 25% скідка на паслугі ксеракапіравання. Як адзначыла Ірына Супрун, у Віцебску для пацвярджэння свайго права на скідкі грамадзяніну дастаткова прад'явіць удзельніку "сістэмы лаяльнасці" дакумент, які пацвярджае статус пенсіянера, інваліда або шматдзетнай сям'і. Паводле яе слоў, гэта зручна для людзей, якім не трэба збіраць лішнія даведкі аб даходах, і не ўскладняе працу аб'ектаў гандлю і паслуг. Работа па правядзенні акцый сацыяльнай накіраванасці ў сістэме гандлю ў Віцебску будзе працягнута. Пералік аб'ектаў - удзельнікаў "сістэмы лаяльнасці" прадстаўлены ў адкрытым доступе на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкама. -0-

БЕЛТА