1 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сістэму грамадскага харчавання ў Віцебскай вобласці будуць удасканальваць з дапамогай кулінарнай спадчыны. У межах праграмы ЕІДП "Літва-Латвія-Беларусь" у Віцебскай вобласці будзе рэалізоўвацца праект "Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, грунтуючыся на канцэпцыі кулінарнай спадчыны", расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Арэхаў.

Праект прадугледжвае збор матэрыялаў аб гастранамічных традыцыях Глыбоцкага, Мёрскага, Верхнядзвінскага раёнаў, адаптацыю мясцовых рэцэптаў да сучасных умоў, асваенне тэхналогіі іх прыгатавання, уключэнне страў у меню аб'ектаў грамадскага харчавання, стажыроўку спецыялістаў грамадскага харчавання ў кафэ і рэстаранах Заходняй Еўропы, якія працуюць на прынцыпах кулінарных традыцый. Вынікам праекта таксама стане выданне кнігі традыцыйных для Латгаліі і Віцебшчыны рэцэптаў страў.

Як адзначыў Міхаіл Арэхаў, у Глыбоцкім раёне ўжо зроблены першы крок да рэалізацыі гэтага праекта - пачалася праца па зборы рэцэптаў мясцовых страў. Два з іх - жытнічны хлеб і масланы баран уключаны ў пералік аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі і неадменна ўвойдуць у лік страў кулінарнай традыцыі.

Ажыццяўленне праекта разлічана на 18 месяцаў. Яго рэалізацыя адобрана пастановай Савета Міністраў №67 ад 29 студзеня 2013 года "Аб адабрэнні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі". Каардынацыя і кантроль за яго рэалізацыяй забяспечвае Віцебскі аблвыканкам.-0-