23 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. VI З'езд дэрматавенералогіі Беларусі пройдзе 24-25 лістапада ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з удзелам спецыялістаў з 8 краін. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры дэрматавенералогіі медуніверсітэта доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір Адаскевіч. З'езд дэрматавенералогіі ўпершыню праходзіць у Віцебску і прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння заснавальніка Віцебскай школы дэрматавенералогіі Івана Багдановіча. Інтарэс да форуму праявілі больш за 200 навукоўцаў, супрацоўнікаў навукова-даследчых, навучальных і лячэбных арганізацый з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Швецыі і Ізраіля. Упершыню падчас з'езда запланавана правядзенне тэлемоста, на сувязі з Віцебскам будзе 1-ы Маскоўскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт ім. І.Сечанова. Тэматыкай тэлемоста стануць актуальныя пытанні дыферэнцыяльнай дыягностыкі паталогіі скуры, у прыватнасці, спецыялісты абмяркуюць патэнцыял тэледэрматалогіі і магчымасці дыстанцыйнай адукацыі для ўрачоў-дэрматавенералогіі, новыя тэхналогіі ў дэрматаскапіі шэрагу хвароб. Агулам на працягу двух дзён плануецца правядзенне дзесяці сімпозіумаў па актуальных праблемах дэрматалогіі і касметалогіі. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць праблемы клінічнай дэрматалогіі, дыягностыкі і лячэння інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППП), пытанні касметалогіі, а таксама ўкараненне інавацый у дыягностыку і тэрапію скурных хвароб і ІППП. Адзін з сімпозіумаў будзе прысвечаны аналізу клінічных прыкладаў рэдкіх захворванняў, пра якія раскажуць спецыялісты з усіх абласцей Беларусі. Дэрматавенералогіі трэба будзе абмеркаваць пытанні ўкаранення новых лекавых прэпаратаў і метадаў імунадыягностыкі пры лячэнні бурбалкавых захворванняў скуры. Гэтая праблема актуальная для Беларусі, тут патрабуецца складаная дыягностыка і ўкараненне новых метадаў, што з'яўляецца перспектыўнай задачай для беларускай дэрматавенералагічнай службы, адзначыў Уладзімір Адаскевіч. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.-0-

БЕЛТА