21 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Памежнікі прагназуюць да маючых адбыцца выхадных рост чэргаў грузавога аўтатранспарту на выезд з Беларусі каля пункта пропуску "Урбаны" ў Браслаўскім раёне і рэкамендуюць перавозчыкам па магчымасці разгледзець іншыя маршруты перамяшчэння, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебко.
У сувязі з закрыццём з-за рэканструкцыі з 15 сакавіка руху грузавога аўтатранспарту праз міжнародны пункт пропуску "Грыгораўшчына" у Верхнядзвінскім раёне на беларуска-латвійскай мяжы пры пад'ездзе да пункта пропуску "Урбаны" у Браслаўскім раёне сталі ўтварацца чэргі з грузавых аўтамабіляў. Да канца працоўнага тыдня, як правіла, яны значна ўзрастаюць. Так, калі ў аўторак, 20 сакавіка, у чарзе на выезд стаяла каля 200 аўтамабіляў, то да пятніцы іх колькасць можа ўзрасці больш чым у два разы, як гэта было ў мінулыя выхадныя, калі на пад'ездзе да пункта пропуску сабралася амаль 500 аўтамабіляў.
Па словах Дзяніса Глебко, аўтамабільныя чэргі на беларуска-латвійскім участку абумоўлены яшчэ і тым, што замежныя перавозчыкі могуць бесперашкодна праз Латвію ўвозіць дызельнае паліва, у той час як у Польшчы дзейнічае абмежаванне на яго ўвоз.
Прыпыненне руху грузавога транспарту праз пункт пропуску "Грыгораўшчына" працягнецца да 15 кастрычніка 2012 года. Гэта звязана з выкананнем будаўніча-мантажных работ. На гэты перыяд пункт пропуску будзе прызначаны толькі для руху аўтобусаў і легкавых транспартных сродкаў агульнай масай да 3,5 т, якія перамяшчаюць тавары для асабістага карыстання.
Для перасячэння беларуска-латвійскай мяжы Дзяржаўны мытны камітэт рэкамендуе асобам, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі грузаў, выкарыстоўваць акрамя аўтадарожнага пункта пропуску "Урбаны-Сілене" расійскі пункт пропуску "Бурачкі-Церахава", у тым ліку пры руху ў краіны Еўрапейскага саюза, іншыя пункты пропуску, размешчаныя на беларускім участку знешняй мяжы Мытнага саюза.-0-
БЕЛТА
На выездзе з Беларусі каля пункта пропуску "Урбаны" да выходных прагназуецца навала грузавікоў
21.3.20120 праглядаў