2 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. "Скарынаўскія дні" пройдуць у Полацку 2-6 верасня ў межах святкавання Дня беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Свята "Мы спадкаемнікі Скарыны, ведаем, умеем, творым!", у якім возьмуць удзел лепшыя дзіцячыя творчыя калектывы горада і раёна, адкрывае праграму Дзён. Будзе арганізавана работа 9 тэматычных пляцовак: канцэртнай; творчай (ляпка з гліны, салампляценне, папяровая пластыка і інш.); ваенна-гістарычнай (прэзентацыя аб'яднанняў па інтарэсах "Юны рыцар", "Полацкія мушкецёры"); тэхнічнай (прэзентацыя суднамадэльнага гуртка, клуба картынгавікоў "Віражы"); спартыўнай (гульня ў шахматы, тэніс, паказальныя выступленні кікбоксераў, юных дзюдаістаў і інш.); экалагічнай (жывы куток, выстава "Дары восені", экалагічная творчая майстэрня); турыстычнай (турыстычная паласа перашкод); гульнявой; кніжнай (выстава навінак дзіцячай літаратуры, выступленні юных паэтаў).

У Полацкай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны адбудзецца тэматычнае мерапрыемства "Высокае імя Скарыны нясём", а на базе гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта будзе адкрыта выстава "Друкарскай справы пачынальнік", пройдзе экскурс "Універсітэты Францыска Скарыны", адбудзецца "Дзень ведаў у парку высокіх тэхналогій".

У Музеі беларускага кнігадрукавання для навучэнцаў і студэнтаў будуць арганізаваны музейныя ўрокі "Пачатае Скарынам". А ў бібліятэках горада пройдуць урокі ведаў "Свята Скарынаўскага слова", кніжныя выставы.

Францыск Скарына - адзін з найвялікшых гістарычных дзеячаў, вялікі асветнік і заснавальнік беларускага кнігадрукавання, у гонар якога заснаваны вышэйшыя ўзнагароды краіны - медаль і ордэн, яго імем названы ўстановы адукацыі, вуліцы, праспекты, устаноўлены помнікі. У Полацку імя Францыска Скарыны носіць цэнтральная гарадская бібліятэка, гімназія №1, плошча, праспект і вуліца. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік вялікаму асветніку.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)