14 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хуткаснае чыгуначнае злучэнне паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі плануецца арганізаваць у 2012-2013 гадах. Пра гэта паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба. У Віцебску ён прымае ўдзел у рэспубліканскім семінары "Асноўныя напрамкі энергазберажэння ў арганізацыях Міністэрства транспарту і камунікацый".
На гэтых участках будзе арганізаваны рух чыгуначных саставаў са скорасцю да 160 км/г. Па папярэдніх падліках, на рэалізацыю праекта спатрэбіцца каля $1,3 млрд., якія плануецца прыцягнуць за кошт знешніх крыніц. "Каб вырашыць пастаўленую задачу, мы абмяркоўваем гэту тэму з прадстаўнікамі Сусветнага банка, працуем з кітайскімі інвестарамі, французскімі і італьянскімі кампаніямі", - адзначыў Іван Шчэрба. Мяркуецца, што ў перспектыве хуткасная чыгунка можа злучыць у тым ліку Мінск і Вільнюс, дадаў ён.
Акрамя таго, у першым квартале 2011 года плануецца адкрыць рух гарадскога электрацягніка непасрэдна ў Мінску па маршруце Ждановічы - цэнтр горада. У далейшым праз сталіцу будзе праходзіць скразны электрацягнік. Гэта дазволіць жыхарам прыгарада, якія едуць на працу ў Мінск, даехаць на машыне да кальцавой, пакінуць аўто і на хуткасным электрацягніку літаральна за 10 хвілін дабрацца да цэнтра. Для гэтых мэт будзе закуплена 12 электрацягнікоў.-0-
БЕЛТА
Хуткаснае чыгуначнае злучэнне паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі плануецца арганізаваць да 2013 года
14.5.20100 праглядаў