21 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Гучанне скрыпкі Страдзівары змогуць пачуць сёння жыхары Віцебска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ. Рарытэтны інструмент позняга перыяду працы знакамітага італьянскага майстра маладому музыканту-віртуозу з Расіі Гайку Казазяну даверыў прыватны англійскі калекцыянер. У праграме, якую ён выканае ў Віцебскай абласной філармоніі, прагучаць лепшыя творы кампазітараў XIX стагоддзя. Партыю фартэпіяна выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў, дацэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П.І.Чайкоўскага Андрэй Шыбко. "Спалучэнне таленавітага выканаўцы і зачаравальнага сваім гучаннем інструмента ўжо прыцягнула велізарную ўвагу публікі - квіткі на гэты канцэрт цалкам раскуплены", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ. Канцэртны тур Гайка Казазяна ў Беларусі ўключае выступленні ў Гомелі, Віцебску і Мінску (у снежні). "Канцэрт, дадзены ім у Гомелі, стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцці гэтага горада. Гасцям "Музычнага салона" была прадстаўлена віртуозная канцэртная праграма, якая складаецца з твораў Н.Паганіні, Г.Веняўскага, Ж.Энеску, атрымала самыя высокія водгукі гледачоў", - адзначыла суразмоўніца, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што і віцебская публіка па вартасці ацэніць выступленне гэтага музыканта. Гайк Казазян з'яўляецца лаўрэатам усерасійскіх і міжнародных конкурсаў, салістам Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі. На яго рахунку выступленні ў самых вядомых канцэртных залах свету: Карнегі-холл у Нью-Ёрку, Барбікан-холл і Вігмор-холл у Лондане, Вялікая, Малая і Рахманінаўская залы Маскоўскай кансерваторыі, Канцэртная зала ім. П.І.Чайкоўскага, Вялікая зала Санкт-Пецярбургскай філармоніі, ГЦКЗ "Расія", Вікторыя-холл у Жэневе, тэатр "Шатле" і зала "Гаво" у Парыжы, Ашэр-холл у Эдынбургу і інш.