2 верасня, Глыбокае /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Сквер знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны адкрыўся сёння падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, невыпадкова Віцебшчына прымае Дзень пісьменства ўжо ў пяты раз, а сёлета гэтае свята праводзіцца ў старажытным горадзе Глыбокае, які ў 2014 годзе адзначыць 600-годдзе. Па словах Аляксандра Косінца, адкрыццё сквера знакамітых землякоў-глыбачан сведчыць аб тым, што беларусы памятаюць сваю гісторыю, цэняць уклад вялікіх людзей у развіццё краіны. Стварэнне васьмі бронзавых бюстаў і дзвюх мемарыяльных дошак, якія ўстаноўлены ў Глыбокім да Дня пісьменства, прафінансавала Міністэрства культуры Беларусі. На тэрыторыі Беларусі такая колькасць манументаў знакамітым беларускім дзеячам адначасова ўстаноўлена ўпершыню. Творы манументальнага мастацтва ўвекавечылі імёны, вядомыя ўсяму свету: Іосіф Корсак (мецэнат, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны кармеліцкі касцёл, Троіцкі касцёл і інш.); Язэп Драздовіч (пісьменнік, мастак, фалькларыст, археолаг); Ігнат Буйніцкі (заснавальнік айчыннага тэатра); Алесь Дубровіч (паэт, удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі); Пётр Казлоў (Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант); Павел Сухі ( двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, генеральны канструктар авіяцыйнай тэхнікі); Вацлаў Ластоўскі (пісьменнік, гісторык, першы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея); Эліэзер Бен-Егуда (стваральнік дзяржаўнай мовы іўрыт Рэспублікі Ізраіль). Мемарыяльныя дошкі ў бронзе створаны пісьменніку Леанцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя архітэктару Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Аўтарамі твораў манументальнага мастацтва выступілі вядомыя беларускія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Іван Казак, Валерый Могучы, Іван Міско, Канстанцін Селіханаў, Азат Тарасян, Валер'ян Янушкевіч.-0-

БЕЛТА