"Славянскі базар у Віцебску" стаў брэндам 2011 года
1.2.20120 праглядаў
1 лютага, Віцебск, /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стаў пераможцам у прафесійным конкурсе "Брэнд года", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры культуры "Віцебск".
Фестываль стаў пераможцам прэстыжнага конкурсу ў намінацыі "Культура і мастацтва". Перамога "Славянскага базару ў Віцебску", які не проста за 20 гадоў існавання заваяваў любоў і прызнанне шматмільённай аўдыторыі, але і зарэкамендаваў сябе як паспяховы і значны брэнд, у чарговы раз пацвердзіла лідарскі статус фестывалю і яго выключнасць. Журы ацэньвала брэнд-пакеты ўдзельнікаў па міжнародных стандартах маркетынгу і брэндынгу, а таксама ўлічвала " аўтарскі" падыход да стварэння прэзентацыйнага праекта. У якасці ўзнагароды арганізатарам фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" былі ўручаны дыплом пераможцы прафесійнага конкурсу "Брэнд года - 2011", а таксама залаты медаль.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з'яўляецца міждзяржаўным доўгатэрміновым праектам Саюза Беларусі і Расіі, які аб'ядноўвае культурныя традыцыі не толькі дзвюх дружалюбных дзяржаў, але і многіх народаў свету. Сваю гісторыю фестываль вядзе з 1992 года. У 1995 годзе ён атрымаў статус міжнароднага, з 1998 года стаў міждзяржаўным культуралагічным праектам Саюзнай дзяржавы. Фестываль праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Штогод на фестываль прыязджаюць не менш за 5 тыс. удзельнікаў больш чым з 30 дзяржаў свету. Колькасць гледачоў вымяраецца сотнямі тысяч. Гасцямі фестывалю былі зоркі сусветнай велічыні - Дзмітрый Хвастоўскі, Сара Коннар, Лара Фабіян, папулярныя артысты беларускай, расійскай, украінскай эстрады. Тут дэманструюцца лепшыя тэатральныя праекты, праходзяць кінапаказы. "Славянскі базар" адкрывае новыя імёны ў эстрадным мастацтве і праводзіць дзіцячы вакальны конкурс і спаборніцтва маладых выканаўцаў. Імёны многіх пераможцаў гэтых конкурсаў ужо занялі годнае месца ў сузор'і эстрадных зорак: Таісія Павалій, Філіп Жмахер, Руслана, Рафаэль, Зіка, Іна Афанасьева, Аляксей Хлестаў, Дзіяна Гурцкая, Гюнеш і многія іншыя.
Фестываль з радасцю расчыняе абдымкі як прафесіяналам, так і аматарам. Яго ўжо немагчыма ўявіць без вернісажу пад адкрытым небам, дзе выстаўляюцца цудоўныя працы сучасных мастакоў, без горада майстроў, у якім галоўную ролю адыгрываюць народныя промыслы. На фестывалі традыцыйна праходзіць цырымонія ўручэння спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Сярод яе лаўрэатаў Аляксандра Пахмутава, Ала Пугачова, Андрэй Пятроў, Ігар Лучанок.
Лагатыпам фестывалю з'яўляецца стылізаванае пад ноту выява кветкі васілька, размешчаная на нотным стане. На лінейках стана, якія сімвалізуюць музычныя напрамкі ў мастацтве, размешчаны надпіс "Славянскі Базар у Віцебску". Вакол лагатыпа напісаны словы "Міжнародны фестываль мастацтваў", якія паўтараюцца на беларускай і англійскай мовах.
Нацыянальны конкурс "Брэнд года" праводзіцца ў Беларусі з 2002 года і накіраваны на развіццё кампетэнцый у галіне маркетынгу і брэндынгу ў краіне, канкурэнтаздольнасці айчынных таварных знакаў і брэндавай свядомасці спажыўцоў. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках конкурсу, накіраваны на развіццё прафесіяналізму ў галіне маркетынгу і брэндынгу. Прафесійны конкурс "Брэнд года" - міжсектаральны праект, у якім удзельнічаюць прадпрыемствы розных форм уласнасці, міністэрстваў і ведамстваў, навуковых колаў краіны. Арганізатарамі конкурсу сталі як прыватныя кампаніі, дзяржаўныя і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, так і ведамасныя структуры - Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, Міністэрства эканомікі Беларусі. У гэты раз у конкурсе журы ацэньвала больш за 60 прэзентацый.-0-
БЕЛТА