Яркая і бескампрамісная барацьба юных ратавальнікаў-пажарных Лепельскага раёна

На Лепельшчыне прайшоў раённы этап конкурсу клубаў юных ратавальнікаў-пажарных, у якім прынялі ўдзел чатыры каманды, а менавіта каманда «Маланка» ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Лепеля», каманда «Іскра» ДУА «Гімназія імя І.М. Ерашова г. Лепеля», каманда «Палымяныя сэрцы» ДУА «Заслаўская сярэдняя школа Лепельскага раёна» і каманда «Факел» ДУА «Бароўская сярэдняя школа ім. Г.К. Жукава Лепельскага раёна».

Мерапрыемства пачалося з агульнага пастраення і ўрачыстага адкрыцця злёту.

Першым выпрабаваннем для юных ратавальнікаў стаў конкурс «Агляд строя». Хлопцы дэманстравалі сваю строявую падрыхтоўку перад журы, дружна выкрыквалі рэчаўкі і спявалі строевыя песні.

У конкурсах «Пажарны кросфіт» і «Баявое разгортванне» школьнікі дэманстравалі свае ўменні ў пажарнай справе, хуткасць і спрыт, праводзілі баявое разгортванне, апраналі на хуткасць баявую вопратку ратавальніка-пажарнага. Прадстаўнікі журы адсочвалі кожны строевы крок юных ратавальнікаў, правяралі правільнасць падлучэння пажарнага абсталявання, выразнасць у апрананні баявой вопраткі.

У конкурсе «Знаўцы» ўдзельнікам трэба было адказаць на працягу 30 хвілін на 30 пытанняў, звязаных з бяспекай жыццядзейнасці.

Далей у хлопцаў з'явілася магчымасць праявіць сябе з творчага боку. Кожнай камандзе давалася хатняе заданне падрыхтаваць творчае музычнае выступленне пра свой уклад у папярэджанне пажараў, пра стаўленне да бяспекі, пра любоў да Радзімы, пра сяброўства з МНС, пра важнасць свайго ўдзелу ў руху юных ратавальнікаў-пажарных. У ходзе конкурсу актывісты танцавалі, спявалі, разыгрывалі сцэнкі, агучвалі правілы бяспекі.

Усе конкурсы праходзілі ў яркай і бескампраміснай барацьбе паміж камандамі, якія спаборнічалі.

Па выніках злёту трэцяе месца заняла каманда «Маланка» ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Лепеля», другое – «Факел» ДУА «Бароўская сярэдняя школа ім. Г.К. Жукава Лепельскага раёна». Пераможцам злёту стала каманда «Іскра» ДУА «Гімназія ім. І.М. Ерашова г. Лепеля», якая прадставіць Лепельскі раён на зональным этапе злёту клубаў юных ратавальнікаў пажарных у горадзе Докшыцы.

Акрамя дыпломаў і памятных прызоў у гэты дзень хлопцы атрымалі яшчэ і зарад станоўчых эмоцый, выдатны настрой і новыя веды.