23 кастрычніка, Мінск /Таццяна Рыгоравіч - БЕЛТА/. Выпадкі выяўлення генна-мадыфікаваных інгрэдыентаў ва ўвозімых на тэрыторыю Беларусі кармах надзвычай рэдкія. Пра гэта паведаміла сёння журналістам намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Валянціна Лемеш, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цяпер, паводле яе слоў, праверцы на ўтрыманне ГМА ў рэспубліцы падвяргаюцца прадукты, якія ўтрымліваюць сою і кукурузу. Аналізам гэтых прадуктаў у Беларусі, па апошніх даных, займаецца каля 17 лабараторый. У тым ліку лабараторыя дэтакцыі генетычна мадыфікаваных арганізмаў Інстытута генетыкі і цыталогіі. "За 5 гадоў існавання лабараторыя правяла больш за 14 тыс. аналізаў. Я магу з упэўненасцю заявіць, што генетычна мадыфікаваная соя бывае толькі ў 1% усёй прадукцыі, якую мы аналізуем. Выпадкі наяўнасці генетычных мадыфікацый у кукурузе таксама былі, аднак яны таксама надзвычай рэдкія", - распавяла Валянціна Лемеш. Пры гэтым яна дадала, што гэтыя даныя могуць крыху адрознівацца ў розных лабараторыях. Намеснік дырэктара таксама дадала, што некалькі гадоў таму ў Беларусі на наяўнасць генна-мадыфікаваных інгрэдыентаў правяраліся і іншыя прадукты, такія як рапс, таматы і рыс. "Быў праведзены маніторынг па ўсёй рэспубліцы, падчас якога не было выяўлена ніводнага выпадку завозу прадукцыі, якая змяшчае ГМА", - адзначыла намеснік дырэктара. Гэта, паводле яе слоў, не выклікала неабходнасці далейшых праверак, якія, дарэчы, абыходзяцца рэспубліцы вельмі недешево.-0-

БЕЛТА