Слуханне па справе аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту ў нафтаправодзе Полацк-Вентспілс перанесены
16.5.20110 праглядаў
16 мая, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Слуханне па справе аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацк - Вентспілс, які належыць ТАА "ЛатРосТранс", на тэрыторыі Латвіі, перанесена. Дата слухання стане вядомая пазней, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ААТ "Полацктранснафта Дружба".
Разгледзець справу па сутнасці меркавалася 16 мая, але з-за скаргі ТАА "ЛатРосТранс" у Латгальскі акруговы суд (Латвія) на рашэнне Даўгаўпілскага суда ад 29 сакавіка, які адхіліў заяву кампаніі аб адмене мер забеспячэння ў дачыненні да спрэчнай тэхналагічнай нафты, судовае пасяджэнне прыйшлося перанесці да таго, як матэрыялы справы вернуцца назад у Даўгаўпілскі суд. Меры забеспячэння прадугледжваюць арышт спрэчнай тэхналагічнай нафты, а таксама забарону здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на яе зліў і перамяшчэнне.
Судовае пасяджэнне ў Латгальскім акруговым судзе адбылося 11 мая. Па выніках разгляду справы суд лічыць скаргу неабгрунтаванай, а значыць, якая падлягае адхіленню, адзначылі ў ААТ "Полацктранснафта Дружба". "Дата наступнага пасяджэння яшчэ не прызначана", - сказалі ў ААТ, дадаўшы, што, хутчэй за ўсё, яно адбудзецца ў Даўгаўпілскім судзе. На пасяджэнні будзе разглядацца справа па сутнасці.
Нагадаем, што аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацк - Вентспілс, які належыць ТАА "ЛатРосТранс", на тэрыторыі Латвіі, заяўляюць дзве кампаніі: ТАА "ЛатРосТранс" і ААТ "Полацктранснафта Дружба".
Як паведамлялася раней, 16 лістапада 2010 года ТАА "ЛатРосТранс" распаўсюдзіла афіцыйнае паведамленне аб намеры пачаць выцясненне тэхналагічнай нафты са свайго ўчастка нафтаправода Полацк - Вентспілс. Пры гэтым кампанія заявіла аб праве ўласнасці на тэхналагічную нафту і "законных правах" на яе выманне з трубаправода. Таксама 16 лістапада ТАА ў аднабаковым парадку скасавала дагавор арэнды памяшкання з прадстаўніцтвам НРУПТН "Дружба" (у цяперашні час ААТ "Полацктранснафта Дружба") у Латвіі, чым абмежавала яму доступ на прыёма-здатачны пункт "Вентспілс". 25 лістапада ТАА "ЛатРосТранс" прыступіла да зліву нафты.
Каментуючы дзеянні латвійска-расійскай кампаніі, канцэрн "Белнафтахім" паведаміў, што мае дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці беларускага прадпрыемства на тэхналагічную нафту, падпісаныя ў тым ліку латвійскім бокам, і не бачыць законных падстаў для аспрэчвання гэтага права. Акрамя таго, спецыялісты канцэрна выказалі меркаванне, што выцясненне ТАА "ЛатРосТранс" нафты з нафтаправода і запаўненне яго сумессю газаў прывядзе да немагчымасці выкарыстання ўчастка нафтаправода Полацк - Вентспілс для прапампоўкі нафты.
Пасля таго, як стала вядома аб пачатку адпампоўкі тэхналагічнай нафты з нафтаправода Полацк - Вентспілс, НРУПТН "Дружба" прыступіла да падрыхтоўкі дакументаў для абароны сваіх правоў у судовым парадку. 3 снежня мінулага года Даўгаўпілскі суд прыняў іскавую заяву НРУПТН "Дружба" да ТАА "ЛатРосТранс" аб прызнанні маёмасных правоў і забароне выкарыстання рухомай маёмасці, а затым наклаў арышт на тэхналагічную нафту. Такім чынам, ТАА "ЛатРосТранс" было забаронена здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на зліў і перамяшчэнне тэхналагічнай нафты з нафтаправода на тэрыторыі Латвіі. 29 сакавіка Даўгаўпілскі суд разгледзеў заяву ТАА "ЛатРосТранс" аб адмене мер забеспячэння ў дачыненні да спрэчнай тэхналагічнай нафты, якія прадугледжваюць яе арышт, а таксама забарону здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на зліў і перамяшчэнне, і вырашыў захаваць гэтыя меры.
Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацктранснафта Дружба" з'яўляецца правапераемнікам Наваполацкага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па транспарце нафты (НРУПТН) "Дружба", ператворанага ў ААТ "Полацктранснафта Дружба" у канцы 2010 года. Асноўная задача акцыянернага таварыства - транспарціроўка расійскай нафты з Заходне-Сібірскага рэгіёну, Татарстана і Паволжа ў Беларусь (ААТ "Нафтан"). Нафтаправоды, якія эксплуатуюцца арганізацыяй, дазваляюць таксама ажыццяўляць транзітную транспарціроўку нафты ў краіны Балтыі.
ТАА "ЛатРосТранс" з'яўляецца найбуйнейшым у краінах Балтыі латвійска-расійскім сумесным прадпрыемствам, у якім АТ "Вентспілс Нафта" належыць 66%, ААТ "АК "Транснафтапрадукт" - 34% статутнага капіталу. Прадпрыемства забяспечвае транспарціроўку нафты і нафтапрадуктаў па магістральных трубаправодах на тэрыторыі Латвіі. Працягласць магістральных трубаправодаў "ЛатРосТранса" перавышае 700 км.-0-
БЕЛТА