9 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Служба хуткай дапамогі Віцебска да "Славянскага базару" ўзмацняецца дадатковымі брыгадамі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі Аксана Рыгорава. На перыяд правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" для дзяжурства ў абласны цэнтр дадаткова да 34 наяўных прыцягнуты пяць брыгад з Оршы, Полацка (па 2) і Наваполацка. Да працы ў рэжыме павышанай гатоўнасці медыкі прыступяць з 10 ліпеня. У месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, канцэртаў, гулянняў будзе несці дзяжурства 21 мабільная брыгада. Аксана Рыгорава таксама расказала, што ўсталяванае з пачатку ліпеня спякотнае надвор'е моцна не паўплывала на колькасць выклікаў. "За мінулы тыдзень толькі два званкі былі звязаны з сонечнымі апёкамі і адзін з цеплавым ударам. Колькасць выклікаў да хворых на сардэчна-сасудзістыя захворванні засталася фактычна на ранейшым узроўні", - канстатавала яна, нагадаўшы пра неабходнасць выконваць у спякоту элементарныя правілы бяспекі: браць з сабой ваду, не забываць галаўныя ўборы. Як паведамілі БЕЛТА ў "Віцебскаблгідрамеце", сёння ў вобласці зафіксавана самая высокая за апошнія 16 гадоў начны тэмпература. Яна склала 21,7 градуса, пабіўшы рэкорд 1996 года ў 19,6 градуса вышэй за нуль. У цэлым першая дэкада месяца выдалася ў Віцебскай вобласці на 6-8 градусаў вышэй за кліматычную норму. Сёння спякота ў рэгіёне яшчэ захаваецца: у Віцебску тэмпература складзе 30-32 градусы. Але ў найбліжэйшы час пройдзе атмасферны фронт, які прынясе з сабой дажджы і нязначнае паніжэнне тэмпературы. 10-11 ліпеня чакаецца 23-28 градусаў цяпла, затым спякота спадзе, надвор'е наблізіцца да сваёй кліматычнай нормы ў межах 20-25 градусаў.-0-

БЕЛТА