НАРОДНАЕ АПАЛЧЭННЕ
17 ліпеня 2025 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 287-З "Аб народным апалчэнні".
На пасяджэнні Савета бяспекі 20 лютага быў разгледжаны праект закона "Аб народным апалчэнні". Як падкрэсліў падчас пасяджэння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: "Я ўжо не раз казаў: кожны мужчына (ды і не толькі мужчына) павінен умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй. Прынамсі для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям'ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага. Многія гэта разумеюць". Дакумент быў распрацаваны Міністэрствам абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў. Падрабязнасці аб законапраекце журналістам распавёў кіраўнік абароннага ведамства Віктар Хрэнін.
Асноўнай задачай народнага апалчэння з'яўляецца абарона сваёй мясцовасці і забеспячэнне правапарадку сумесна з міліцыяй.
Навошта Беларусі спатрэбіўся закон аб народным апалчэнні?
Неабходнасць прыняцця гэтага закона абумоўлена двума фактарамі. Па-першае, гэта стварэнне дадатковых умоў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча на тэрыторыях, якія ў найменшай ступені будуць ахоплены органамі ўнутраных спраў і войскамі. А гэта перш за ўсё нашы сельскія населеныя пункты, асобныя раённыя гарады. Другі фактар - гэта даць нашым грамадзянам, якія не будуць ахоплены мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, магчымасць удзельнічаць у абароне краіны.
Аб чым гаворыцца ў законапраекце?
У законапраекце прадугледжана, што склад, колькасць, задачы народнага апалчэння будуць вызначаць органы мясцовай улады. Аднак асноўнай задачай для народнага апалчэння застаецца абарона перш за ўсё свайго дома, сваёй маёмасці і выкананне мерапрыемстваў па забеспячэнні правапарадку сумесна з міліцыяй. Па дакуменце, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шэрагі народнага апалчэння, будуць размяшчацца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць гэтых грамадзян ад працы з захаваннем заработнай платы і працоўнага месца. Таксама Законам прадугледжана, што на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца і сацыяльныя гарантыі: тыя, якія распаўсюджваюцца на ваеннаслужачых па мабілізацыі.
Калі ў Беларусі будуць ствараць народнае апалчэнне?
Увосень 2022 года ў Беларусі правялі эксперымент па арганізацыі народнага апалчэння. Ён прайшоў на базе Лобжанскага сельскага савета Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Людзі адгукнуліся. Жадаючыя прыняць удзел у народным апалчэнні прыйшлі. Супрацоўнікамі ўнутраных спраў з імі былі праведзены адпаведныя заняткі, якія паказалі, што ў нашых людзей ёсць такая патрэба - мець дачыненне да забеспячэння абароны нашай дзяржавы. У цэлым, народнае апалчэнне дапоўніць і павысіць магчымасць той жа тэрытарыяльнай абароны і палепшыць якасць выканання задач па забеспячэнні абароны нашай краіны.
Колькі грамадзян можа трапіць у народнае апалчэнне?
Па разліках вайскоўцаў, колькасць народнага апалчэння можа скласці 100-150 тыс. чалавек. Але ў Міністэрстве абароны не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш. У рэспубліцы дастаткова мабілізацыйнага рэсурсу, які стаіць на ўліку ў ваенных камісарыятах. Гэта перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо навучаны і ўмеюць валодаць зброяй. Але не выключаецца, што добраахвотнікамі могуць стаць і тыя людзі, якія не прайшлі ваенную падрыхтоўку, у тым ліку і жанчыны. Для добраахвотнікаў прадугледжаны курсы падрыхтоўкі, якія дазваляюць у кароткі прамежак часу навучыць людзей. Як пры стварэнні народнага апалчэння, так і да стварэння, у мірны час.
Чым народнае апалчэнне адрозніваецца ад войскаў тэрытарыяльнай абароны?
У Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. Яе аснова - Узброеныя Сілы. Барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага парадку і грамадская бяспека - сфера кампетэнцый органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў і ў мірны, і ў ваенны час. Для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб'ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Тэрытарыяльная абарона - гэта воінскія фарміраванні, якія маюць дакладную структуру. На іх ужо ў мірны час закладваецца адпаведная маёмасць: экіпіроўка, зброя, сродкі сувязі. Тэрытарыяльнай абаронай кіруюць губернатары, мясцовыя органы ўлады. Яна прызначана для выканання задач не толькі ў тым месцы, дзе сфарміравана. Народнае апалчэнне - гэта людзі, добраахвотнікі, якія прыйшлі. Ім прадастаўляецца зброя, і яны будуць выконваць сваю задачу толькі ў сябе дома. Народнае апалчэнне будзе дапаўняць. Ім будзе кіраваць губернатар, старшыня райвыканкама, сельскага савета сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў. Перш за ўсё гэта ўчастковыя на месцах.