У грамадзянскім жыцці Іван Шастакоў і Дзмітрый Курсаў — студэнты матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава.
У грамадзянскім жыцці Іван Шастакоў і Дзмітрый Курсаў — студэнты матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава. У асноўным яны аперыруюць формуламі, лічбамі, матэматычнымі мадэлямі. Цяпер жа на заслонаўскім палігоне яны засвойваюць іншую формулу — формулу міру і бяспекі для роднай Беларусі. За 70 мірных гадоў мы сталі забываць пра жахі вайны, голад, нястачы. Тры пакаленні беларусаў выраслі, не чуўшы выбухаў і выцця бомб, не хаваючыся ад куль і асколкаў, без страху, што цябе, тваіх блізкіх могуць забіць, маёмасць — разрабаваць, над святынямі — паглуміцца. Аднак апошнія падзеі ў свеце, і асабліва ва Украіне, паказваюць, якім хісткім можа быць мір і як важна трывала яго забяспечваць.
Напалеон Банапарт казаў, што калі народ не хоча карміць сваю армію, то яго рана ці позна прымусяць карміць чужую. Таму адной з галоўных гарантый міру на нашай зямлі з'яўляюцца баяздольныя Узброеныя сілы, на развіццё якіх выдзяляюцца ў даволі значнай колькасці фінансавыя сродкі, чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы. Адной з форм папаўнення асабовага складу з'яўляюцца ваенныя кафедры ў вышэйшых навучальных установах. Маладыя людзі вучацца, атрымліваюць мірныя спецыяльнасці, патрэбныя ў народнагаспадарчым комплексе, сферах адукацыі, сацыяльнай абароны, медыцыны, а паралельна з гэтым яшчэ і асвойваюць тэарэтычныя веды ў ваеннай справе. Вяршыня навучання — выніковая практыка ў вайсковых часцях, на палігонах. Нярэдкія выпадкі, калі пасля заканчэння грамадзянскай ВНУ маладыя людзі вырашалі звязаць свае лёсы з Узброенымі сіламі, станавіліся афіцэрамі.
На апошніх зборах ад ваеннай кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ваенную справу засвойвалі 77 чалавек. Яны атрымлівалі спецыяльнасці камандзіраў узводаў мотастралкоў, разведчыкаў, артылерыстаў і сапёраў-інжынераў. Заняткі праходзілі інтэнсіўна на некалькіх вучэбных месцах. На першым групу мішэняў трэба было абстраляць з аўтамата халастымі патронамі і паразіць вучэбнай гранатай. Другое вучэбнае месца было адведзена пад стральбу з пісталета. Афіцэры беларускай арміі маюць асабістую табельную зброю — пісталеты Макарава. Натуральна, што імі таксама трэба ўмець карыстацца.