Абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў "Прыдзвінскія карункі" пройдзе 3 лістапада ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў "Прыдзвінскія карункі" пройдзе 3 лістапада ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Серакова, будуць праводзіць восьмы раз (праводзіцца праз год) на базе абласной філармоніі. Удзел у ім возьмуць 40 творчых калектываў, якія маюць званне заслужанага, народнага або ўзорнага з агульнай колькасцю больш за 800 чалавек.
Танцорам трэба будзе выступіць у намінацыях на лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Івана Серакова, новую балетмайстарскую пастаноўку і лепшы народны танец, якія адлюстроўваюць нацыянальную тэматыку і матывы.
"Некаторыя з канкурсантаў будуць спаборнічаць адразу ў некалькіх намінацыях, што дапушчальна правіламі. Членам журы трэба будзе ацаніць 70 выступленняў", - адзначылі ў цэнтры.
Іван Арцёмавіч Серакоў - заслужаны дзеяч культуры Беларусі, балетмайстар. У розныя гады з'яўляўся салістам ансамбля беларускай народнай песні і танца Белдзяржфілармоніі. З 1961 года кіраваў Віцебскім народным ансамблем песні і танца "Маладосць". Сабраў велізарную колькасць танцаў Віцебскай вобласці, якія ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваюць у сваім рэпертуары творчыя калектывы рэгіёну.