Сапраўднымі біятланістамі адчулі сябе школьнікі на раённым спаборніцтве «Снежны снайпер», якое прайшло нядаўна ў Бароўцы. Па традыцыі яго арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі і «Лепельская аўтамабільная школа» ДТСААФ.
Шэсцьдзесят каманд, у кожнай па чатыры чалавекі. Нараўне з хлопчыкамі сваю трапнасць і хуткасць паказвалі і дзяўчынкі. Размежавалі ўдзельнікаў па дзвюх узроставых катэгорыях.
У ціры Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі школьнікі стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. Тры пробныя і сем заліковых стрэлаў далі магчымасць удзельнікам папрактыкавацца. Лыжня пралягла па беразе возера, дзе падлеткам трэба было прайсці гонку на тры кіламетры. Лепш за ўсіх выступіла сярэдняя школа №1. Другое месца ў агульнакамандным заліку заняла Стайская СШ, трэцяе -- Бароўская. У старэйшай групе сярод хлопчыкаў перамог Яўген Касьянаў (Бароўская СШ), сярод дзяўчынак -- Алеся Баркан (СШ №1). У малодшай групе – Данііл Дзяменцей (Стайская СШ) і Таццяна Лазоўская (Заслонаўская СШ).
Не толькі эмоцыі, але і каштоўныя прызы – спартыўны інвентар -- атрымалі дзеці за свае старанні.
Кацярына АСОЎСКАЯ