10 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дасягнутае ў Беларусі зніжэнне злачыннасці сведчыць аб павышэнні прававой культуры ў грамадстве. Такое меркаванне выказаў журналістам генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. У Віцебску ён прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Прававая культура як умовы фарміравання прававой дзяржавы", перадае карэспандэнт БЕЛТА. У апошнія гады Генеральная пракуратура адзначае ўстойлівую тэндэнцыю зніжэння агульнай колькасці злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх. Так, за апошнія 3 гады колькасць забойстваў скарацілася на 45%, колькасць рабаванняў і грабяжоў - на 50%. "Гэта не толькі вынік працы праваахоўных органаў, але і сведчанне павышэння прававой культуры грамадства", - упэўнены Рыгор Васілевіч. Пераўтварыліся гарады і населеныя пункты, змяняецца навакольнае асяроддзе і ўмовы жыцця людзей, што цягне за сабой і змяненне правасвядомасці грамадзян, дадаў ён. Разам з тым Генпракуратура мае намер надаваць самую пільную ўвагу рабоце са зваротамі грамадзян, у тым ліку ўзмацніць нагляд за дзейнасцю органаў выканаўчай улады, гаспадарчых суб'ектаў у плане выканання імі сваіх непасрэдных абавязкаў. "Генеральная пракуратура будзе больш жорстка патрабаваць ад іх выканання законаў, а таксама ставіць пытанне аб прыцягненні да строгай дысцыплінарнай адказнасці несумленных выканаўцаў", - сказаў Рыгор Васілевіч. Гэтая праца будзе праводзіцца, у тым ліку, праз сістэму кантралюючых органаў, каб уплываць на паляпшэнне жыцця грамадзян. Ёсць пытанні і да працы органаў пракуратуры. Так, 8 снежня Рыгор Васілевіч вёў прыём грамадзян у ААТ "Белшына". "Паступіўшыя звароты сведчаць аб тым, што на мясцовым узроўні, у тым ліку праваахоўнымі органамі, не прымаліся неабходныя меры па іх вырашэнні", - канстатаваў генеральны пракурор. Па выніках прыёму Рыгор Васілевіч вызваліў ад займанай пасады пракурора Ленінскага раёна Бабруйска ў сувязі з неналежным выкананнем абавязкаў. Акрамя таго, нядаўна генеральны пракурор наклаў спагнанне ў выглядзе вымовы на пракурора Гродзенскай вобласці за слабую працу са зваротамі грамадзян. Падобныя прэтэнзіі можна прад'яўляць і іншым праваахоўным органам, папярэдзіў Рыгор Васілевіч.-0-

БЕЛТА