21 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб малым памежным руху можа запрацаваць да канца 2011 года. Такі прагноз у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА зрабіў пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Попкоўс. У Віцебску дыпламат прымае ўдзел у рабоце міжнароднага форуму "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі будучыні". Работа па ўступленні ў сілу гэтага міжурадавага дагавора завяршаецца, і першыя дазволы на перасячэнне мяжы могуць быць выдадзены жыхарам памежных рэгіёнаў ужо да канца бягучага года, адзначыў латвійскі дыпламат. Пасля ўступлення ў сілу гэты дагавор адкрые велізарныя магчымасці ў культурным супрацоўніцтве, для актывізацыі кантактаў у гуманітарнай сферы, а таксама для эфектыўнага развіцця ўзаемаадносін паміж органамі мясцовага самакіравання дзвюх краін і эканамічнага партнёрства бізнэсаў, падкрэсліў Міхаіл Попкоўс. У цяперашні час дзяржорганы завяршаюць падрыхтоўку адпаведных працэдур, неабходных для ўступлення дагавора ў сілу. Размова, у прыватнасці, ідзе аб зацвярджэнні формаў дакументаў, узгадненні спісаў жыхароў абедзвюх краін, якія пражываюць у памежных рэгіёнах, больш дакладным абазначэнні саміх тэрыторый і іншых неабходных працэдур, растлумачыў дыпламат. Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб малым памежным руху было падпісана ў Рызе 23 жніўня 2010 года. Беларускі бок ратыфікаваў яго ў снежні таго ж года. Пагадненне заключана на нявызначаны тэрмін і ўступае ў сілу з дня атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні бакамі неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.-0-

БЕЛТА