Ці ведаеце вы, з якімі лялькамі гулялі вашыя бабулі і прабабулі? Ці чаму раней не малявалі вочы ў цацак?
Ці ведаеце вы, з якімі лялькамі гулялі вашы бабулі і прабабулі? Ці чаму раней не малявалі вочы ў цацак? Атрымаць адказ на гэтае пытанне і не толькі, а таксама ўбачыць частку дзяцінства сваіх продкаў змаглі наведвальнікі выставы народнай і фальклорнай лялькі Дома рамёстваў. Экспанаты з Мінска прывезла кіраўніца клуба «Папараць-кветка», член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Таццяна Трушына.
У аб'ектыве – лепельскі строй і пейзажы Ака
Ужо аднойчы гэтая ўмеліца была на Лепельшчыне: прадстаўляла на суд гледачоў персанальныя работы. Цяпер жа яна аб'яднала вакол сябе неабыякавых да беларускай лялькі людзей, стварыўшы крыху больш за год таму клуб «Папараць-кветка». Яго назву выбралі не выпадкова. Так, згодна з легендай, тыя, хто знойдуць запаветную кветку, змогуць шукаць скарбы, схаваныя ў зямлі. «Скарбы» народнай творчасці – вось што адкрывае гледачам гэтая выстава. Пакуль яна падарожнічае толькі па Беларусі, але, магчыма, неўзабаве яе ўбачаць расіяне.
Дарэчы, дзе б ні экспанавалася выстава, яна заўсёды распавядае пра нашу зямлю. Якім чынам? Па-першае, эмблема клуба – гэта лялькі ў касцюмах, выкананых па ўсіх законах лепельскага строю. Менавіта ён спадабаўся Таццяне Рудольфаўне, калі два гады таму яна стала членам клуба «Скарбанка». Па-другое, народныя і фальклорныя лялькі заўсёды суправаджаюцца фотапрацамі Таццяны Рудольфаўны. Маляўнічыя мясціны Ака – вось з якой прыродай знаёмяць яны наведвальнікаў. Дзесяць гадоў таму на гэтай зямлі Таццяна Рудольфаўна купіла дачу, тады і палюбіла аконскія пейзажы. Яна прызнаецца, што журналісты часта пытаюцца: чаму эмблемай клуба стаў даволі лаканічны лепельскі строй? «Не ведаю, што і сказаць на гэта, – усміхаецца яна і працягвае: – Я настолькі была зачараваная вашымі мясцінамі, што і пытання не ўзнікла, якой будзе эмблема».
Касцюм шляхты, беларускі народны касцюм, літаратурныя героі, беларуская міфалогія і народная часавая лялька – клуб працуе па пяці напрамках. Вышыць маленькія сцяжкі ці зрабіць мужчынскія боты памерам са запалкавую скрынку? Не толькі над тым, як увасобіць гэта ў рэальнасць ламаюць галаву майстры: перш чым узяцца за матэрыял, яны ездзяць з экспедыцыямі па рэспубліцы. Зібраць патрэбную інфармацыю ў бабуль бывае не проста. У такіх выпадках Таццяна Рудольфоўна ідзе на хітрасць: дастае з сумкі ўжо гатовыя народныя лялькі і паказвае бабулям. Бачачы іх, яны пачынаюць распавядаць пра свае. Да прыкладу, аднойчы жанчына, якая казала, «ніводнай з цацак не ўзгадаю», адразу папоўніла калекцыю чатырма экспанатамі. Ад памераў лялькі да гарошку на тканіне – для Таццяны Рудольфоўны важныя ўсе дэталі. Зрабіўшы ляльку па рэкамендацыях бабуль, яна абавязкова паказвае ім вынік: тыя, у сваю чаргу, могуць унесці і карэкціроўкі.
Калі лялька не цацка…
Мячык з воўны, сямейка саломных крыжыкаў, лялька, набітая пяском, і з бульбінай-галавой – з цікавасцю разглядаюць экспанаты юныя наведвальнікі. Ёсць тут і некалькі лялек, эскізы якіх падказалі жыхаркі Акано Зінаіда Палонская і Еўдакія Крыцкая. Шмат і абрадавых лялек. Да прыкладу, вось «марцінчыкі» з Падлужжа. Па іх вызначалі, ці дрэнны чалавек зайшоў у дом: калі, вісячы пад столлю, гэтыя невялікія лялькі пачыналі варушыцца, ад таго, хто прыйшоў дабра не чакалі. Лічылася таксама, намалюй ляльцы твар, у яе можа ўсяліцца нячыстая сіла, якая потым пяройдзе на дзіця. З іншага боку, лялька без твару і вушэй нічога не магла распавесці пра тое, што адбывалася ў доме. Саломныя крыжыкі – «крыжцы» - кідалі на Хрышчэнне ў калодзеж у Магілёўскай вобласці: хто вылавіць – увесь год будзе шчаслівы. «Пыталася: вылоўлівалі», - усміхаецца Таццяна Рудольфоўна. Яна заўважае, што для Беларусі не былі характэрныя лялькі-мужчыны. Пра аднаго з іх узгадала толькі жыхарка Брэсцкай вобласці. І калі ў Расіі іх называлі «куклак», то беларусы па гендарнай прыкмеце цацкі не дзялілі.
Ураджэнка Санкт-Пецярбурга Таццяна Рудольфоўна спачатку вывучала народную расійскую ляльку, потым – славянскую, а калі звярнулася да беларускай, зразумела: матэрыялаў на гэту тэму практычна няма. Запоўніць гэту нішу яна і ўзялася. Пад сотню абрадавых і гульнявых лялек за два гады экспедыцый паспела сабраць Таццяна Рудольфоўна.
Зрабіць лялькі ў дакладнай адпаведнасці з тымі, якія былі ў мінулым стагоддзі – вось якую задачу ставяць перад сабой майстры. Таму і часу на экспедыцыі не шкадуюць, і здароўя, вышываючы, напрыклад, дробныя сцежкі пад павелічальным шклом і вылічваючы іх у маштабе. На адну керамічную кампазіцыю можа пайсці і паўгода, і год, не хутка знаходзяцца і людзі, гатовыя расказаць пра тканую ляльку. Але працуючы над сваімі работамі, майстры народнай лялькі становяцца пасярэднікамі паміж пакаленнямі… Дарэчы, гэтым летам у планах Таццяны Рудольфаўны экспедыцыя па Лепельшчыне. Так, магчымасць унесці ўклад у гісторыю і ажывіць даўно забытае будзе і ў лепельчан.
Кацярына АСОЎСКАЯ
На здымках: на адкрыцці выставы Таццяна Рудольфаўна юным наведвальнікам паказвае мячык з воўны; эмблема клуба – кампазіцыя «Папараць-кветка» (лепельскі строй).
Фота аўтара.