10 ліпеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Сольныя канцэрты Аляксандра Малініна і Крысціны Арбакайтэ пройдуць сёння ў фестывальным Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Народны артыст Расіі і Украіны Аляксандр Малінін выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра з праграмай, у якой прагучаць улюбёныя публікай рамансы і новыя кампазіцыі на рускай і ўкраінскай мовах. Заслужаная артыстка Расіі Крысціна Арбакайтэ пакажа ў фестывальным Віцебску сольную праграму "Пацалунак на біс", прэм'ера якой адбылася ў 2011 годзе.
Гэта будуць не адзіныя сустрэчы артыстаў з віцебскай публікай. Абедзве зоркі возьмуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" 11 ліпеня.
Юныя таленты, удзельнікі XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, сёння пачынаюць спаборніцкую праграму. Беларусь на конкурсе прадстаўляюць Апалінарыя і Аляксандра Лактыёнавы. Дзяўчынкі выступяць пад 18-м і 20-м нумарамі. Згодна з умовамі конкурсу ў першы дзень удзельнікі выконваюць песню кампазітара і на мове краіны, якую прадстаўляюць. Апалінарыя выйдзе на сцэну з песняй "Канапелькi" (аўтары У.Белавіч, Г.Раманоўская), а Аляксандра Лактыёнава прадставіць кампазіцыю "Вадаспад", якую напісала педагог дзяўчынкі, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва ім. В.Г.Мулявіна Святлана Стацэнка.