10 ліпеня, Віцебск /Алена Ціханенка - БЕЛТА/. Сольныя канцэрты Аляксандра Малініна і Крысціны Арбакайтэ пройдуць сёння ў фестывальным Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Народны артыст Расіі і Украіны Аляксандр Малінін выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра з праграмай, у якой прагучаць упадабаныя публіцы рамансы і новыя кампазіцыі на рускай і ўкраінскай мовах. Заслужаная артыстка Расіі Крысціна Арбакайтэ пакажа ў фестывальным Віцебску сольную праграму "Пацалунак на біс", прэм'ера якой адбылася ў 2011 годзе.

Гэта будуць не адзіныя сустрэчы артыстаў з віцебскай публікай. Абедзве зоркі возьмуць удзел ва ўрачыстым адкрыцці XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" 11 ліпеня.

Юныя таленты, удзельнікі XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу, сёння пачынаюць спаборніцкую праграму. Беларусь на конкурсе прадстаўляюць Апалінарыя і Аляксандра Лакціёнавы. Дзяўчынкі выступяць пад 18-м і 20-м нумарамі. Згодна з умовамі конкурсу ў першы дзень удзельнікі выконваюць песню кампазітара і на мове краіны, якую прадстаўляюць. Апалінарыя выйдзе на сцэну з песняй "Канапелькi" (аўтары У.Белавіч, Г.Раманоўская), а Аляксандра Лакціёнава прадставіць кампазіцыю "Вадаспад", якую напісала педагог дзяўчынкі, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва ім. В.Г.Мулявіна Святлана Стацэнка.

У XI Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе прымаюць удзел 21 юны талент з 18 краін. Па два чалавекі прадстаўляюць на конкурсе Беларусь, Расію і Украіну. У "дзіцячым кірмашы" прымаюць удзел Нарэк Саакян (Арменія), Апалінарыя і Аляксандра Лакціёнавы (Беларусь), Прэсіяна Дзімітрава (Балгарыя), Анастасія Джорджа Басанчыч (Боснія і Герцагавіна), Селін Хансен (Германія), Ленка (Грузія), Марка Катанэа Вітонэ (Італія), Венерa Сагі (Казахстан), Яна (Латвія), Юстэ Думчютэ (Літва), Магі (Македонія), Рафаэл (Малдова), Ксенія Гожа і Даяна Кірылава (Расія), Б'янка (Румынія), Алена Ціханенкава (Узбекістан), Галіна Дубок і Арсен Шаўлюк (Украіна), Хельмі Хольстрэм (Фінляндыя), Аліка (Эстонія).

Гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013" адбудзецца 12 ліпеня.-0-


 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)