1 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Спаборніцтвы па біятлоне збяруць расійскіх і беларускіх спартсменаў 5-7 сакавіка ў Наваполацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко. Мерапрыемства, прысвечанае памяці ўраджэнца Наваполацка Героя Расіі гвардыі старшага лейтэнанта Аляксея Вараб'ёва, пройдзе на базе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Да ўдзелу ў ім запрошаны юныя біятланісты з вучылішчаў алімпійскага рэзерву Беларусі і каманды гарадоў-пабрацімаў Наваполацка з Адзінцова, Арэхава-Зуева, Кстова, Пушкіна, Паўлаўска, Дзмітраўскага раёна Масквы, Электрасталі і Пскова Расіі. Усяго чакаецца каля 100 спартсменаў, якія будуць выступаць у дзвюх узроставых катэгорыях: удзельнікі 1995-1996 года нараджэння і 1997-1998 года нараджэння. У першы конкурсны дзень юнакам і дзяўчатам трэба будзе правесці спрынтарскую гонку са стральбой на дыстанцыях 6 км і 4 км, а ў другі - выступіць у змешанай эстафеце. Пераможцаў спаборніцтваў члены журы вызначаць у асабістым і камандным заліках. Іх чакаюць медалі, граматы і каштоўныя прызы. Узнагародай камандам, якія занялі прызавыя месцы, стануць кубкі і граматы. Мерапрыемства заклікана садзейнічаць папулярызацыі біятлона, прыцягненню моладзі да здаровага ладу жыцця, іх патрыятычнаму выхаванню, умацаванню дружалюбных сувязяў паміж спартсменамі, краінамі і гарадамі-пабрацімамі, а таксама садзейнічаць абмену вопытам у галіне спорту і маладзёжнай палітыкі. Заснавальнікамі спаборніцтваў выступаюць аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і Наваполацкі гарвыканкам. Аляксей Вараб'ёў служыў намеснікам камандзіра разведвальнай роты 104-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога Чырвонасцяжнага палка 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырвонасцяжнай дывізіі. Загінуў 1 сакавіка 2000 года ў Чачні ў баі з перавышаючымі сіламі праціўніка: пры прарыве з акружэння атрымаў цяжкае раненне і, ахвяруючы сабой, прыкрыў адыход падначаленых. У памяць пра яго ў Наваполацку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Плануецца, што ў адкрыцці спаборніцтваў возьме ўдзел яго бацька.-0-

БЕЛТА