11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам, паведамляе БЕЛТА.

Лідары краін абмеркавалі двухбаковае супрацоўніцтва, сумесныя праекты, міжнародны парадак дня, пытанні ўзаемадзеяння ва ўмовах пандэміі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за дапамогу ў пераадоленні пандэміі віруса, у тым ліку за дастаўленыя ў Беларусь ахоўныя сродкі і асабліва за пастаўку абсталявання для вытворчасці сродкаў абароны і медыцынскіх масак.

Асобна кіраўнікі дзяржаў адзначылі супрацоўніцтва міністэрстваў аховы здароўя дзвюх краін. Прэзідэнт падрабязна расказаў пра беларускі шлях і практыку ў барацьбе з пандэміяй.

Яшчэ адна тэма гутаркі - планаваны візіт Старшыні КНР у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне вельмі чакаюць гэтага візіту, які яшчэ больш умацуе жалезнае братэрства і ўсепагодную дружбу паміж Беларуссю і Кітаем.

У размове была закранута і кадровая тэма. Як вядома, пасол у КНР Мікалай Снопкаў будзе адкліканы з гэтага паста ў сувязі з прызначэннем першым віцэ-прэм'ерам. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь наўзамен падбярэ фігуру не слабейшую.

Гаворачы ў цэлым пра сітуацыю ў Беларусі, Прэзідэнт адзначыў, што нават у цяперашніх няпростых эпідэміялагічных умовах эканоміка працуе, яе не спынялі. Усе прадпрыемствы працуюць, тым больш што ў Беларусі няма такіх рэсурсаў, як у Кітаі. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што на сённяшні дзень галоўнае пытанне - рэалізацыя беларускай прадукцыі на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін таксама абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў рамках парка "Вялікі камень". Беларускі лідар з задавальненнем адзначыў, што парк ужо налічвае 60 рэзідэнтаў з 15 краін свету.

У сваю чаргу Старшыня КНР адзначыў, што вельмі цэніць парадак у Беларусі і шлях барацьбы з пандэміяй. У Кітаі яго падтрымліваюць і гатовыя падзяліцца вопытам. У прыватнасці, гатовыя арганізаваць відэаканферэнцыю "Беларусь - Кітай", на якой і адбудзецца абмен вопытам. У Кітая ёсць такая практыка з рознымі краінамі, але кітайскі бок гатовы зрабіць гэта з Беларуссю асобна, а таксама падзяліцца ўсім неабходным.

Сі Цзіньпін таксама падзякаваў за гуманітарную дапамогу, якую раней Беларусь аказвала Кітаю ў сувязі з эпідэміяй. Ён падкрэсліў, што кітайскі народ гэта памятае і будзе памятаць заўсёды.