Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё двухбаковых адносін, падрыхтоўку да правядзення восенню бягучага года ў Гродне трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Адзначана неабходнасць прыкласці максімум намаганняў для таго, каб гэтае мерапрыемства дало важкія практычныя вынікі, паслужыла актывізацыі супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі таксама абмеркавалі эпідэміялагічную сітуацыю ў краінах, меры па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса, абмяняліся назапашаным у гэтым плане вопытам.
Размова таксама ішла аб узмацненні памежнага кантролю на беларуска-ўкраінскай мяжы і актывізацыі ўзаемадзеяння паміж памежнымі ведамствамі.
Уладзімір Зяленскі закрануў у размове пытанне аб затрыманых у Беларусі баевіках. Ён праінфармаваў, што яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на Данбасе, і ўкраінская пракуратура вядзе расследаванне па гэтых фактах. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытанні ў рамках падпісаных з Расіяй і Украінай міжнародных пагадненняў.