У нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" з 20 па 25 мая пройдзе IX Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці "лясная гаспадарка" ("лясная справа"), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН Беларусі.

Мерапрыемства арганізавана Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры ўдзеле нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". Семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў пройдзе на тэму "Дынаміка, стан і маніторынг лясных экасістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях". Чакаецца ўдзел больш за 50 чалавек з 18 навукова-даследчых устаноў, вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Казахстана, Сербіі, Расіі і Украіны.

Будуць арганізаваны навукова-практычныя заняткі на тэрыторыі нацпарку "Браслаўскія азёры", Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі і Верхнядзвінскага лясгаса. Спецыялісты азнаёмяцца з практыкай правядзення высечак галоўнага і прамежкавага карыстання, санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, іншымі відамі лесагаспадарчай дзейнасці, а таксама селекцыйна-генетычнымі аб'ектамі Інстытута лесу. На семінары плануецца разгледзець прапановы і абмеркаваць сумесныя праекты для падачы ў розныя фонды, дзяржаўныя праграмы, а таксама перспектывы і вынікі рэалізацыі супольных грантаў.

"Вынікам працы семінара стане кансалідацыя намаганняў, вопыту і ведаў вучоных, выкладчыкаў і практыкаў у ацэнцы эфектыўнасці абмежаванняў і забаронаў, устаноўленых у дачыненні да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і асобных аб'ектаў расліннага свету", - адзначылі ў прэс-службе.