Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 28 лютага па 2 сакавіка здзейсніў дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта найвышэйшы пратакольны статус замежных візітаў, паведамляе БЕЛТА.

У Пекіне кіраўніка беларускай дзяржавы сустракалі з улікам усіх асаблівасцей не толькі дыпламатычнага пратаколу, але і сяброўскіх адносін паміж краінамі, асаблівага ўзроўню адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, пра якое яшчэ ў верасні 2022 года дамовіліся лідары Беларусі і Кітая.

Дзяржаўныя гімны, ганаровая варта, беларускія сцягі на вуліцах Пекіна, прадстаўнічы картэж у суправаджэнні матацыклістаў і многія іншыя тонкасці сведчылі пра асаблівы статус гэтага візіту. У Кітаі са старажытных часоў надаюць велізарную ўвагу дзелавому этыкету і пратаколу, а таму выпадковасцей у гэтай справе быць не можа.

Але галоўным усё ж было не гэта, а, як адзначыў на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам Старшыня КНР Сі Цзіньпін, неабходнасць напоўніць зместам новы статус двухбаковых адносін. "Мяне з спадаром Прэзідэнтам аб'ядноўвае агульнае імкненне да развіцця кітайска-беларускіх адносін. Мы сябруем ужо не першы год. У нас трывалая неразбуральная дружба. Ва ўмовах нестабільнасці і турбулентнасці міжнароднай абстаноўкі Кітай актыўна настроены на працяг сумеснх намаганняў з Беларуссю па ўмацаванні палітычнага ўзаемадаверу і практычнага супрацоўніцтва ў інтарэсах дынамічнага, здаровага і ўстойлівага развіцця двухбаковых адносін", - заявіў ён.

ВІЗІТ У АСАБЛІВЫ ЧАС

Цяперашні візіт Прэзідэнта Беларусі ў КНР мае гістарычнае значэнне. Дарэчы, ён 13-ы па ліку на пасадзе кіраўніка дзяржавы, і з цяперашнім Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам Аляксандр Лукашэнка таксама сустракаўся ўжо 13-ы раз. І ў Кітаі гэтая лічба не выклікае ніякіх адмоўных канатацый. Наадварот, як удалося даведацца ў кітаеведаў, лік удалы і высакародны, чаму ёсць шмат прыкладаў у культуры гэтай краіны