21 кастрычніка, Смаленск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Смаленскай і Віцебскай абласцей узаемнавыгоднае і ідзе на карысць жыхарам гэтых рэгіёнаў, заявіў сёння на цырымоніі падпісання плана мерапрыемстваў па гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарна-культурным супрацоўніцтве паміж Смаленскай вобласцю Расіі і Віцебскай вобласцю Беларусі на 2011-2012 гады губернатар Смаленскай вобласці Сяргей Антуф'еў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для смаленцаў відавочна, што супрацоўніцтва і цесныя сувязі паміж нашымі рэгіёнамі ўзаемнавыгодныя. У нас з братамі-беларусамі няма розных падыходаў да ацэнкі таго, як павінны развівацца беларуска-расійскія адносіны: мы будзем жыць як два братнія народы і імкнуцца да агульнай мэты - дабрабыту нашых народаў", - сказаў кіраўнік Смаленскай вобласці.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец дадаў, што эканамічныя інтарэсы двух рэгіёнаў прасціраюцца ў розныя галіны: прамысловасць, энергетыка, сельская гаспадарка, будаўніцтва, навука, культура. "Няма ніводнай сферы, дзе не было б агульных інтарэсаў і адсутнічалі перспектывы супрацоўніцтва", - адзначыў ён.
План уключае звыш сотні мерапрыемстваў, значная частка якіх датычыцца развіцця гандлёва-эканамічных адносін. У прыватнасці, прадугледжваецца арганізацыя і правядзенне сумеснай рабочай сустрэчы ТАА Гандлёвы дом "Ігрушкі" і падпарадкаваным яму адасобленым структурным падраздзяленнем рознічнай гандлёвай сеткай "Дачкі-сыночкі" (Смаленск) з ААТ "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" з мэтай вывучэння ўмоў узаемнавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама вырашэння пытанняў і праблем, звязаных з пастаўкай і рэалізацыяй плодаагароднінных кансерваў дзіцячага асартыменту. Адміністрацыі двух рэгіёнаў маюць намер стымуляваць дзелавую актыўнасць гаспадарчых суб'ектаў, якія ажыццяўляюць гандлёвую і вытворчую дзейнасць, арганізуючы сумесныя выставы і кірмашы.
Яшчэ адной сферай дзелавых інтарэсаў стане будаўнічая галіна. Планам прадугледжана арганізацыя ўдзелу будаўнічых арганізацый Віцебскай вобласці ў якасці падрадных арганізацый па ўзвядзенні аб'ектаў жылля і сацыяльна-культурнай сферы на тэрыторыі Смаленскай вобласці. Віцебскія аграрыі маюць намер і далей аказваць садзейнічанне ў сяўбе, узворванні, нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю на прыгранічных плошчах Смаленскай вобласці, гэта таксама пацверджана сумесным планам.-0-
БЕЛТА
Супрацоўніцтва Смаленскай і Віцебскай абласцей ідзе на карысць жыхарам гэтых рэгіёнаў - С.Антуф'еў
21.10.20110 праглядаў