Супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны служыць прыкладам для ўсіх у частцы выканання закона, заявіў на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Іван Кубракоў.

"Любое парушэнне ўстаноўленага парадку службовай дзейнасці, а тым больш правапарушэнне з боку работнікаў міліцыі мае негатыўны грамадскі рэзананс і падрывае аўтарытэт органаў унутраных спраў. Таму ў выпадку з'яўлення і пацвярджэння такіх фактаў да супрацоўнікаў, якія дыскрэдытуюць форму, прымяняюцца самыя жорсткія меры", - падкрэсліў Іван Кубракоў.

У якасці прыкладу ён прывёў выяўленне ў 2017 годзе двух супрацоўнікаў, якія займаліся вытворчасцю і продажам самагону. Кожны з іх быў падвергнуты максімальна магчымым штрафам і звольнены.

Па словах начальніка УУС, у органах унутраных спраў надаецца пільная ўвага павышэнню даверу з боку насельніцтва. Непрымірымасць да парушальнікаў законнасці, асабліва ў уласных шэрагах, былі і застаюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці. Разам з тым адной з галоўных задач службы ўласнай бяспекі застаецца і абарона супрацоўнікаў ад неабгрунтаванай дыскрэдытацыі.

У прыватнасці, у мінулым годзе ў інтэрнэце былі выяўлены відэаролікі з абразлівым зместам у адрас ушацкай міліцыі. Аўтар вылучаў абвінавачванні ў адрас супрацоўнікаў, каментаванне вялося ў абразлівых выразах. Праверка ўстанавіла, што да вырабу і размяшчэння відэаролікаў датычныя трое жыхароў Ушачаў. У іх дачыненні складзены адміністрацыйныя пратаколы за абразу і паклёп, якія разглядаюцца ў судзе.