16 верасня, Полацк /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Падраздзяленні міністэрства ўнутраных спраў пастаянна адсочваюць сітуацыю ў асяроддзі асоб, якія нелегальна займаюцца незаконнымі валютнымі аперацыямі, і прымае да парушальнікаў меры ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пра гэта заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў. У Полацку ён праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Па словах Анатоля Куляшова, штодня супрацоўнікі міліцыі выяўляюць некалькі фактаў здзяйснення нелегальных аперацый з валютай і затрымліваюць так званых валютчыкаў. Пры гэтым канфіскуюцца значныя сумы грошай, у тым ліку еўра, долары і расійскія рублі. МУС кантралюе працэсы ў асяроддзі нелегальных валютчыкаў і прымае канкрэтныя меры ў дачыненні да парушальнікаў дзеючага заканадаўства, падкрэсліў міністр. Падчас прыёму грамадзян Анатолю Куляшову паступілі прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе абарот зброі. Шэраг наведвальнікаў звярнуліся да кіраўніка МУС з просьбай разабрацца ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, а таксама аказаць садзейнічанне па вырашэнні пытанняў, якія тычацца праходжання службы ў органах унутраных спраў.-0-

БЕЛТА