24 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўнікі ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Віцебскай вобласці падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў выявілі самую буйную за апошнія некалькі гадоў партыю боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-групе УКДБ па Віцебскай вобласці. У выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у лясным масіве паблізу аднаго з населеных пунктаў Віцебскага раёна было выяўлена 289 боепрыпасаў: 252 мінамётныя міны калібра 81 мм, 8 артылерыйскіх снарадаў калібра 76 мм, 1 артылерыйскі снарад калібра 45 мм, 3 артылерыйскія запальнікі, 25 гільзаў з капсюльнай утулкай, што ў тратылавым эквіваленце складае каля 140 кг. Нягледзячы на тое, што боепрыпасы праляжалі ў зямлі каля 70 гадоў, усе яны мелі запальнікі і ўяўлялі асаблівую небяспеку. Супрацоўнікі УКДБ па Віцебскай вобласці ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі сапёрна-піратэхнічнай групы в/ч 5524 склад боепрыпасаў абясшкодзілі. З пачатку года супрацоўнікі УКДБ па Віцебскай вобласці сумесна са спецыялістамі в/ч 5524 канфіскавалі і знішчылі больш за 25 кг боепрыпасаў у тратылавым эквіваленце. Аднак выяўленая партыя стала самай буйной за апошнія некалькі гадоў.-0-

БЕЛТА