12 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Віцебскай мытні ў 2011 годзе канфіскавалі па адміністрацыйных правапарушэннях тавараў на Br79 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай мытні. У лік канфіскаваных матэрыяльных каштоўнасцей трапілі таксама 80 транспартных сродкаў. На 28 з іх перавозіліся кантрабандныя цыгарэты, адзначылі спецыялісты, падкрэсліўшы, што ўсяго за мінулы год супрацоўнікамі Віцебскай мытні канфіскавана 3,8 млн. пачкаў тытунёвых вырабаў на Br7,8 млрд. Гэта амаль трэць канфіскаваных па рэспубліцы цыгарэт, якія незаконна перамяшчаліся праз мытную мяжу. Пры гэтым у асноўным тытунёвыя вырабы беларускай і расійскай вытворчасці затрымліваліся на мяжы з Латвіяй. Часта іх спрабавалі вывезці не толькі аўтамабільным і грузавым транспартам, але і чыгуначным, у вагонах з вуглём. План па даходах за 2011 год Віцебская мытня выканала на 106,4%, у бюджэт пералічана Br904,7 млрд. Электронны дакументаабарот склаў на канец года 90,9%. З выкарыстаннем Нацыянальнай аўтаматызаванай сістэмы электроннага дэкларавання ў рэгіёне дзейнасці мытні выпушчана 94,1% партый тавараў па мытнай працэдуры экспарту, 88,2% - па мытнай працэдуры рээкспарту, 71,4% - па мытнай працэдуры часовага вывазу, 50,8% па мытнай працэдуры выпуску для ўнутранага спажывання, а таксама 68,6% усіх статыстычных дэкларацый. Акрамя таго, за 2011 год у параўнанні з папярэднім годам перамяшчэнне праз аўтадарожныя пункты пропуску мытні легкавых аўтамабіляў узрасло на 5,6%, грузавых транспартных сродкаў - на 30% і грамадзян - на 15,3%. -0-

БЕЛТА