25 красавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёлета сацыяльная дапамога аказана 400 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
У першым квартале гэтага года праведзена комплекснае абследаванне ўмоў жыцця 3 тыс. 223 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлена, што ў сацыяльнай дапамозе маюць патрэбу 575 ветэранаў (у тым ліку 327 удзельнікаў і 120 інвалідаў ВАВ).
"Зімой аказана дапамога ў нарыхтоўцы паліва і забеспячэнні палівам. Цяпер самыя актуальныя пытанні - рамонт жылля, апрацоўка прысядзібных участкаў, сацыяльнае абслугоўванне на даму. Будуць выкананы ўсе заяўкі ветэранаў, дапамогу атрымаюць усе, хто ў ёй мае патрэбу", - запэўнілі ў камітэце.
Разглядаецца і пытанне забеспячэння ветэранаў ВАВ жыллём. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзяцца 8 прадстаўнікоў гэтай катэгорыі (3 чалавекі ў Віцебску, 2 - у Наваполацку, па адным - у Оршы, Лёзненскім і Аршанскім раёнах).
"Сацыяльнае жыллё ў Віцебскай вобласці атрымалі ўсе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якім яно было неабходна. Гэтыя восем чалавек жывуць з сваякамі і ў свой час адмовіліся ад сацыяльных кватэр. У бліжэйшы час мы яшчэ раз абследуем умовы жыцця кожнага з іх і прапануем варыянты паляпшэння жыллёвых умоў", - адзначылі спецыялісты.
Паводле аператыўных даных, у Віцебскай вобласці пражываюць 3,7 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На рэалізацыю праграмы "Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў" за мінулы год з абласнога бюджэту было выдаткавана Br3,9 млрд.-0-