17 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сацыяльная роля Байнета расце. Такое меркаванне выказаў сёння на канферэнцыі "Дзелавы Інтэрнэт: Віцебск" заснавальнік партала tut.by, уладальнік УП "Надзейныя праграмы" Юрый Зісер, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сацыяльная роля Байнета пастаянна расце. Гэта адлюстроўваецца ў зборы сродкаў пацярпелым, дабрачыннай дзейнасці, барацьбе з несправядлівасцю. Яркі прыклад - афіцыйны твітэр-акаўнт @GUVD_Minsk мінскай міліцыі", - падкрэсліў Юрый Зісер. У цэлым спажыванне Інтэрнэту ў Беларусі няўхільна расце. Лепш за ўсё пра гэта сведчыць характарыстыка цяперашніх наведвальнікаў Сусветнай павуціны. "У Беларусі налічваецца звыш 4,1 млн. інтэрнэт-карыстальнікаў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці - 528 тыс. Колькасць апошніх толькі за апошні год, калі параўноўваць даныя за студзень цяперашняга і мінулага года, вырасла з 353 тыс. да 528 тыс. Значна пашырылася аўдыторыя карыстальнікаў. Калі раней гэта былі ў асноўным камп'ютаршчыкі ва ўзросце 20-30 гадоў, то цяпер у гэтае лік уваходзяць дзеці, падлеткі, пенсіянеры. Па родзе заняткаў - у асноўным спецыялісты, студэнты, але ёсць і рабочыя. 33% наведвальнікаў Інтэрнэту маюць вышэйшую адукацыю", - канстатаваў Юрый Зісер. У той жа час рынак рэкламы ў нацыянальным сегменце Інтэрнэту, на думку эксперта, пакуль скарачаецца ў сувязі з адсутнасцю канкурэнцыі сярод прадпрыемстваў. "А раз няма канкурэнцыі, то і рэклама не патрэбна", - канстатаваў ён. У параўнанні з расійскім сегментам Інтэрнэту ў Беларусі гэтыя магчымасці задзейнічаны значна менш. Гаворачы пра магчымасці беларускіх спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій, Юрый Зісер выказаў глыбокую ўпэўненасць у іх высокім прафесіяналізме. "Нашы спецыялісты ў стане зрабіць свой гугл, праблема толькі ў тым, як яго потым акупіць", - адзначыў Юрый Зісер.-0-

БЕЛТА