Юбілей адзначыла Лепельская пярвічная арганізацыя «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Ёй споўнілася 65 гадоў. З дня ўтварэння грамадскага аб'яднання «БелТІЗ» мінула і таго больш — 90 гадоў.

 Юбілей адзначыла Лепельская пярвічная арганізацыя «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Ёй споўнілася 65 гадоў. З дня ўтварэння грамадскага аб'яднання «БелТІЗ» мінула і таго больш — 90 гадоў. Дзве гэтыя даты і сталі нагодай для ўрачыстага сходу ў РДК.

 Свята пачалося ўжо ў фае – з дэгустацыі прадукцыі філіяла «Лепельскі хлебазавод» РУВП «Віцебскхлебпрам». Далей усіх чакаў канцэрт, падрыхтаваны актывістамі самой пярвічкі. Вядома, госці прыйшлі на юбілей не з пустымі рукамі. Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін узнагародзіў Ганаровымі граматамі Валянціну Кісель, Генадзя Матырку, Дзяніса Аблаушку і Сяргея Марціновіча. Ад Фонду міру начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан уручыў лупы. Сем актыўных удзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў граматамі адзначыў дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Рымантас Стрыпейкіс. А тэлефон і бісер у падарунак пярвічнай арганізацыі падарылі даўнія сябры – цэнтральная раённая бібліятэка. Сумесна з ёй пярвічная арганізацыя ГА «БелТІЗ» правяла ўжо не адно мерапрыемства, ды і яшчэ не адно наперадзе.

 Сярод «юбілейных сюрпрызаў» была і бытавая тэхніка. Цяпер інваліды па зроку могуць не толькі разагрэць прынесеную з дома ежу ў мікрахвалёўцы, якую падарыла ААТ «Лепельскі МКК», але і прыгатаваць абед у электрапечы – такі падарунак зрабіла КУП ДРАЦ «Жамчужына». Новыя два мікрафоны, электронны гадзіннік з прыёмнікам – парадавалі «юбіляра» і гэтымі карыснымі рэчамі. А 15 актывістаў пярвічкі атрымалі і асабістыя падарункі – мабільныя тэлефоны. Разам з падзякамі іх уручыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Канстанцін Ламчаноўскі. Падзякамі і грашовымі прэміямі адзначыў ён і валанцёраў пярвічкі.