Удасканаленне заканадаўства для вядзення бізнесу абмеркавалі дэпутаты і прадпрымальнікі ў Оршы
19.11.20120 праглядаў
19 лістапада, Орша /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Заканадаўчае забеспячэнне далейшай лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу абмеркавалі члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах і прадстаўнікі мясцовых улад і бізнесу на выязным пасяджэнні парламенцкай камісіі ў Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Члены камісіі азнаёміліся з практыкай прымянення норм бюджэтнага і падатковага заканадаўства на прыкладзе гэтага горада. Орша - буйны прамысловы цэнтр з высокай дзелавой актыўнасцю малога і сярэдняга бізнесу і зацікаўленасцю органаў мясцовага самакіравання ў росце даходнай часткі бюджэту і павышэнні эфектыўнасці расходаў. Да таго ж, як і ва ўсёй Віцебскай вобласці, тут актыўна ідзе сацыяльна-эканамічнае развіццё, растлумачыла выбар месца правядзення пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі Людміла Дабрыніна. "Выязная форма працы дазваляе дэпутатам непасрэдна вывучыць пытанні, якія тычацца ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі бюджэтнага працэсу, эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў, а таксама заканадаўчага забеспячэння далейшай лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу шляхам удасканалення падатковай і бюджэтнай сістэм Беларусі", - падкрэсліла яна.
На пасяджэнні дэпутатаў цікавілі працэдура фарміравання мясцовых бюджэтаў, асноўныя праблемы і перспектывы развіцця сацыяльнай сферы, ацэнка прадстаўнікамі мясцовай улады і бізнесу эфектыўнасці прымаемых дзяржавай мер па стымуляванні развіцця прадпрымальніцтва. Цікавасць дэпутатаў закранула таксама неабходнасць набліжэння нацыянальных стандартаў бухгалтарскага ўліку да стандартаў міжнароднай сістэмы фінансавай справаздачнасці, асноўныя напрамкі ўдасканалення ўліку і справаздачнасці.
Прадстаўнікі дзелавых колаў Оршы звярнулі ўвагу дэпутатаў на неабходнасць далейшай уніфікацыі заканадаўчых актаў з краінамі-суседзямі, у прыватнасці з Украінай, а таксама ўнеслі прапановы ў праект закона аб інвестыцыях, які знаходзіцца на разглядзе дэпутатаў.
Як падкрэсліла Людміла Дабрыніна, правядзенне выязных пашыраных пасяджэнняў Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах будзе практыкавацца і надалей, бо гэта спрыяе мэтанакіраванай працы па ўдасканаленні падатковага і бюджэтнага заканадаўства. У пасяджэнні прынялі ўдзел кіраўніцтва гарвыканкама, прадстаўнікі гарадской інспекцыі па падатках і зборах, мясцовага падраздзялення ААТ "АСБ Беларусбанк", малога і сярэдняга бізнесу.-0-
БелТА