29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет дырэктараў беларускіх камерцыйных банкаў з 2013 года павінен будзе ўключаць мінімум двух незалежных дырэктараў. Пра гэта сказана ў інструкцыі аб арганізацыі карпаратыўнага кіравання банкам, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыяй, зацверджанай пастановай праўлення Нацбанка №557 ад 30 кастрычніка 2012 года, афіцыйна апублікаванай сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Пастанова ўступае ў сілу з 22 студзеня 2013 года.
Згодна з інструкцыяй, асноўнай функцыяй незалежнага дырэктара з'яўляецца ўдзел у працы савета дырэктараў банка пры прыняцці рашэнняў па пытаннях выпрацоўкі стратэгіі развіцця банка, ацэнкі адпаведнасці дзейнасці выканаўчых органаў абранай стратэгіі, вызначэння палітыкі ў галіне кіравання канфліктам інтарэсаў і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў з удзелам акцыянераў, абароны інтарэсаў мінарытарных акцыянераў банка, а таксама іншым пытанням, якія закранаюць інтарэсы акцыянераў банка.
Пры гэтым незалежныя дырэктары ўзначальваюць аўдытарскі камітэт і камітэт па рызыках, якія ствараюцца саветам дырэктараў. Ва ўхіленне канфлікту інтарэсаў адзін незалежны дырэктар не можа ўзначальваць дадзеныя камітэты адначасова, адзначана ў інструкцыі. У цяперашні час незалежныя дырэктары ёсць не ва ўсіх беларускіх банках. Між тым іх наяўнасць у савеце дырэктараў з'яўляецца сусветнай практыкай.
У адпаведнасці з інструкцыяй, "карпаратыўнае кіраванне банкам накіравана на рэалізацыю мэт і стратэгіі развіцця банка, уключаючы забеспячэнне яго фінансавай надзейнасці і здольнасці да доўгатэрміновага існавання ў якасці прыбытковай фінансавай арганізацыі".
БЕЛТА
З 2013 года савет дырэктараў беларускіх камерцыйных банкаў будзе ўключаць мінімум двух незалежных дырэктараў
29.11.20120 праглядаў