26 студзеня, Мір /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Рашэнні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь будуць садзейнічаць дыялогу паміж дзяржавай і грамадскасцю. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА міністр культуры Беларусі Павел Латушка. "Савет будзе садзейнічаць дыялогу паміж дзяржавай і грамадскасцю ў найважнейшых пытаннях, якія датычацца развіцця культуры і мастацтва ў Беларусі. Для нас вельмі важны абмен думкамі, атрыманне інфармацыі з першых крыніц для выпрацоўкі канкрэтных прапаноў і іх рэалізацыі", - адзначыў Павел Латушка. Культура - гэта жывы арганізм, і ў апошнія гады назапашаны значныя рэсурсы для яе развіцця. Аднак прыйшоў час прыняць пэўныя рашэнні, каб даць развіццю культуры новы імпульс. "Мы будзем абапірацца на тое, што ўжо створана, і пры гэтым улічваць інавацыйныя падыходы", - растлумачыў міністр. На яго думку, трэба павышаць імідж беларускай культуры за межамі краіны, развіваць супрацоўніцтва з бізнесменамі, прыватнымі прадпрыемствамі. На першым пасяджэнні грамадскага савета, якое адбылося сёння ў Мірскім замку, былі разгледжаны пытанні, якія датычацца далейшага развіцця беларускай культуры, перспектыў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, рэгіянальнай і традыцыйнай культуры, эстэтычнага і мастацкага выхавання ў агульнаадукацыйных школах краіны, аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Акрамя таго, быў зацверджаны план работы савета на 2011 год і на перспектыву, створаны пастаянная рабочая і секцыйныя рабочыя групы, якія будуць займацца папярэднім разглядам і прапрацоўкай актуальных пытанняў.