21 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Тактыка-спецыяльныя вучэнні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Віцебскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей па процідзеянні крадзяжу аўтатранспарту стануць рэгулярнымі. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам сумеснай нарады кіраўнікоў упраўленняў МУС Расійскай Федэрацыі па Смаленскай, Пскоўскай абласцях і УУС Віцебскага аблвыканкама, паведаміў начальнік УУС аблвыканкама Ігар Яўсееў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнікі ўпраўленняў унутраных спраў трох прыгранічных абласцей канстатавалі, што ўзаемадзеянне беларускіх міліцыянераў і расійскіх паліцэйскіх па процідзеянні крымінальнаму аўтабізнесу наладжана. Аднак у сувязі з тым, што гэтая праблема па-ранейшаму застаецца даволі вострай і закранае інтарэсы простых грамадзян Саюзнай дзяржавы, кіраўнікі ведамстваў прынялі рашэнне не радзей за раз у паўгоддзе праводзіць сумесныя тактыка-спецыяльныя вучэнні па пошуку і затрыманні выкрадзенага аўтатранспарту з прыцягненнем падраздзяленняў крымінальнага вышуку прыгранічных тэрытарыяльных райаддзелаў. У ходзе нарады таксама была прааналізавана сістэма аператыўнага рэагавання на запыты з суседніх бакоў, механізм абмену аператыўнай інфармацыяй. Органы ўнутраных спраў трох прыгранічных абласцей маюць намер звярнуцца да кіраўніцтва сваіх рэгіёнаў з просьбай сумесна ўсталяваць стацыянарныя камеры відэаназірання ў раёне дзяржграніцы на трасах М1 і М8.
Нароўні з правядзеннем супольных вучэнняў упраўленні дамовіліся аб правядзенні супольных аперацый, накіраваных на спыненне правапарушэнняў на аўтамагістралях. Супрацоўнікі віцебскай міліцыі падзяліліся са сваімі калегамі вопытам работы па ахове грамадскага парадку на масавых мерапрыемствах. Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўвалася сістэма бяспекі пры правядзенні ў Віцебску ў маі 2013 года карпаратыўнага фестывалю самадзейных творчых калектываў "Газпрома". Таксама разглядаліся пытанні процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму.
"Цеснае ўзаемадзеянне праваахоўных органаў Расіі і Беларусі дазваляе выбудаваць эфектыўны бар'ер на шляху злачыннасці", - упэўнены начальнік упраўлення МУС Расійскай Федэрацыі па Пскоўскай вобласці Барыс Гаварун.-0-
БЕЛТА
Сумесныя вучэнні па барацьбе з аўтакрадзяжамі ў прыгранічных абласцях Беларусі і Расіі стануць рэгулярнымі
21.12.20120 праглядаў