8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сумесную праграму па выпуску абутку плануецца рэалізаваць у Саюзнай дзяржаве. Аб гэтым паведаміў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін падчас удзелу ў мерапрыемствах XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". З мэтай абмеркавання новага праекта дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы наведаў СТАА "Марка", дзе правёў перамовы з генеральным дырэктарам кампаніі Мікалаем Мартынавым, пазнаёміўся з выпускаемай прадукцыяй, арганізацыяй працоўнага працэсу. "Гэта цудоўнае, паказальнае прадпрыемства, якое стабільна працуе, выпускае якасную патрэбную прадукцыю", - адзначыў Павел Барадзін. Ён падкрэсліў, што галоўная задача новай праграмы - стварыць працоўныя месцы, задзейнічаць наяўныя рэсурсы і выпускаць запатрабаваны тавар. "Трэба, каб мы выраблялі мінімум 150 млн. пар абутку ў год. У нас усё для гэтага ёсць: мех, фурнітура, людзі", - канстатаваў дзяржсакратар. "Праект мы ўжо абмеркавалі. Наступным крокам стане падрыхтоўка дакладной запіскі, пытанне будзе разгледжана ў Саўмінах Беларусі і Расіі, затым - у Саўміне Саюзнай дзяржавы, пасля чаго будзе прынята адпаведная праграма", - дадаў Павел Барадзін. На яго думку, гэта адбудзецца ў наступным годзе. Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка" Мікалай Мартынаў, практычным увасабленнем абмяркоўванай саюзнай праграмы можа стаць стварэнне сумеснага беларуска-расійскага холдынгу ў абутковай галіне, у склад якога ўвойдзе шэраг прамысловых прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, у тым ліку фурнітурныя, гарбарныя і іншыя заводы. "У цэлым гэта перспектыўная ініцыятыва, якая будзе спрыяць далейшай інтэграцыі нашых народаў", - заключыў Мікалай Мартынаў, дадаўшы, што структур мацнейшых і надзейнейшых за добры эканамічны саюз у свеце няма.-0-

БЕЛТА