30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сучасную гісторыю пра жыццё "Ліфт" прадставіць сёння трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа віцяблянам, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч. У цэнтры прэм'ернага спектакля - людзі, якія сустракаюцца нам кожны дзень. Галоўная гераіня Ганна (Наталля Аладзько, Святлана Жукоўская) даўно адвыкла ад любові і ўвагі мужа і сына. Яе пастаянныя клопаты па доме, абавязкі па працы сталі сэнсам існавання, а не жыцця. Муж Ігар (Георгій Лойка) сышоў да палюбоўніцы, дарослы сын Андрэй (Уладзіслаў Жураўлёў) дастае папрокамі. Не складваецца жыццё і яшчэ ў адной сям'і: Дзімон (Яўген Бераснёў, Ягор Дзяюн) марыць уладкаваць жыццё па сваім разуменні, яго любімая дзяўчына Алёна (Юлія Уліна, Анастасія Чыстабаева) любіць выпендрыцца, а маці (Раіса Грыбовіч) не можа забяспечыць адзінаму сыну дабрабыт. Жыццёвыя перыпетыі сутыкаюць Ганну і Дзімона ў ліфце. Сведкамі гэтай лёсавызначальнай сустрэчы і стануць гледачы. "Гісторыя вучыць нас цаніць сваіх родных і блізкіх зараз, каб не задавацца пытаннямі "Чаму?", "За што?", "А калі б?" потым, калі змяніць нешта ўжо немагчыма", - падкрэсліла Святлана Дашкевіч. Аўтарам сцэнаграфічнай ідэі і пастаноўшчыкам спектакля выступіў Валерый Анісенка. Мастак - Святлана Макаранка. Музычнае афармленне - Аляксандра Крыштафовіча, відэарад Алега Чарняка. Да канца года гледачоў чакае яшчэ шэраг прэм'ер, адзначыла суразмоўніца. Так, 9 снежня прыхільнікам Мельпамены будзе прадстаўлены спектакль "Парадоксы пачуццяў" па п'есе Сяргея Сергіенкі, а 16 снежня адбудзецца прэм'ера казкі "Цуды ў навагоднім лесе". -0-

БЕЛТА