1 ліпеня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Стварэнне ў Беларусі нацыянальнай сістэмы спагнання платы за праезд па аўтадарогах рэспублікі (BelToll) прадугледжвае выкананне яшчэ трох этапаў. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Яўген Ракала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інвестарам праекта агульным коштам 267 млн. еўра з'яўляецца аўстрыйская кампанія Kapsch TrafficCom AG. "Мы падышлі да завяршэння першага этапу яго рэалізацыі з затратамі 120 млн. еўра", - адзначыў ён, удакладніўшы, што пачатак праекта заключаецца ў пабудове самой сістэмы з цэнтрамі валідацыі і апрацоўкі даных, офіснымі памяшканнямі, а таксама ўласна дарожнай інфраструктурай, якая дазваляе спаганяць плату за праезд.
Паводле даных начальніка ўпраўлення Минтранса, другі этап, да рэалізацыі якога інвестар ужо прыступіў, разлічаны да 1 студзеня 2014 года і прадугледжвае пашырэнне сістэмы за кошт будаўніцтва прыдарожнай інфраструктуры на іншых участках аўтадарог, якія з часам будуць станавіцца платнымі. Гэта тычыцца магістралі М-4 Мінск-Магілёў і рэканструяваных участкаў М-5 Мінск-Гомель.
Трэці і чацвёрты этапы, аналагічна другому, прадугледжваюць пашырэнне сеткі платных дарог. "Іх выкананне - больш доўгая перспектыва, якая патрабуе падпісання дадатковых пагадненняў", - падкрэсліў спецыяліст.
Ён растлумачыў, што грошы, якія спаганяюцца з карыстальнікаў платных дарог, будуць акумулявацца ў уладальніка электроннай сістэмы - РУП "Белаўтастрада", якая стане дзяржаўным прадпрыемствам. "З гэтых сродкаў будзе спісвацца пэўны працэнт інвестару за ўкладзеныя інвестыцыі, за будаўніцтва сістэмы і яе эксплуатацыю. Астатняя частка выручаных сродкаў будзе паступаць у бюджэт", - дадаў Яўген Ракала. Інвестар (у асобе даччынай кампаніі ІЗТАА "Капш Тэлематык Сервісіз". - Заўв. БЕЛТА) выступіць на бліжэйшыя 20 гадоў аператарам BelToll і будзе абслугоўваць дадзеную сістэму.
Начальнік упраўлення таксама распавёў, што пасля рэалізацыі першага этапу беларускі бок на працягу 3 гадоў будзе выплачваць інвестару ўкладзеныя ім інвестыцыі. "Затым пачнуцца толькі выплаты працэнтаў за эксплуатацыю сістэмы", - адзначыў ён.