У Сенне ўсталююць памятны знак ахвярам генацыду. Пра гэта паведаміў аўтар кампазіцыі віцебскі скульптар Іван Казакоў.
"Мадэль культурнага аб'екта ўжо гатова і зацверджана кіраўніцтвам Сенненскага раёна, з'явіцца яна ў райцэнтры напярэдадні дня горада, які сёлета прыпадае на 10 чэрвеня", - распавёў Іван Казакоў. Памятны знак ахвярам генацыду ўяўляе сабой камбінацыю з некалькіх знакавых зон. На пліце справа выяўлены населены пункт - з драўлянымі дамамі, што навісаюць над імі драцянымі агароджамі. Сярэдзіна кампазіцыі ўяўляе сабой стромкі спуск, па якім крочаць людзі. Яны ідуць на расстрэл, і ў кожнай постаці бачна асуджанасць і разуменне, што гэты спуск вядзе ў магілу і зваротнага шляху няма. Злева на памятным знаку выяўлена частка звычайнага дома - фрагмент даху, акно са свечкай і перад ім збан, на якім, згорбіўшыся, сядзіць старая маці, што аплаквае дзяцей і знаёмых, якіх забралі на верную смерць фашысты. У вуглу над акном будзе размяшчацца абраз Казанскай Божай Маці - як сімвал дапамогі Бога ўсім маці, што страцілі на вайне блізкіх людзей.
Памятны знак плануецца выканаць з кампазітных матэрыялаў. Ён будзе складаць каля 2,7 м у вышыню і больш за 3 м у шырыню. Гэта будзе першы аб'ект, які знаёміць наведвальнікаў з тэматычнай экспазіцыяй у раённым Доме рамёстваў.
Выстава на тэму трагедыі генацыду жыхароў Сенненскага раёна размесціцца ў падвальным памяшканні будынка, дзе ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў быў спіртаачышчальны склад. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты зладзілі тут турму для ваеннапалонных і тых, каго затрымлівалі за сувязь з партызанамі. На верхніх паверхах склада акупанты арганізавалі дыверсійную школу, дзе рыхтавалі ў асноўным з жанчын і падлеткаў дыверсантаў для працы ў партызанскіх атрадах.
Цяпер на цокальным паверсе, дзе незадоўга да гэтага размяшчалася крама, вядуцца работы па расчыстцы сцен, столі і падлогі - да аўтэнтычнай кладкі з чырвонай цэглы. Па водгуках работнікаў культуры, старадаўняя цэгла вельмі трывалая і выдатна захавалася, але трэба будзе правесці яе кансервацыю, каб не асыпалася.