Успешна завершана міжнародная праектная праца «Будаўніцтва лячэбна-прафілактычнай установы ў экалагічнай і энергаэфектыўнай канструкцыі для першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву ў Лепельскім раёне»: учора ў вёсцы Стары Лепель адбылося ўрачыстае адкрыццё фельчарска-акушэрскага пункта і службовага дома для медыцынскага работніка.
Успешна завершана міжнародная праектная праца «Будаўніцтва лячэбна-прафілактычнай установы ў экалагічнай і энергаэфектыўнай канструкцыі для першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву ў Лепельскім раёне»: учора ў вёсцы Стары Лепель адбылося ўрачыстае адкрыццё фельчарска-акушэрскага пункта і службовага дома для медыцынскага работніка. Наўрад ці нашым нямецкім партнёрам вядомае беларускае слова – талака. Тым не менш, менавіта міжнароднай талакой будуецца цэлы пасёлак у Старым Лепелі для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. Дамы ўзводзяцца па экалагічных тэхналогіях, а сама вёска прырастае і іншымі сацыяльнымі аб’ектамі. Пару гадоў таму тут быў здадзены ў эксплуатацыю культурна-асветніцкі цэнтр, а цяпер з’явілася магчымасць значна палепшыць медыцынскую дапамогу жыхарам гэтай і яшчэ каля дзясятка бліжэйшых вёсак.
У новым будынку плошчай 156 квадратных метраў ёсць прыёмны пакой, фізіятэрапеўтычны, аглядны, працэдурны кабінеты. Зроблена добраўпарадкаванне і створана безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ацяпляецца ФАП катлом на пелетах і сонечным калектарам, асвятляецца энергазберагальнымі святлодыёднымі свяцільнямі – на гэта былі выдзелены сродкі ў межах Праграмы Малых Грантаў Глабальнага Экалагічнага Фонду ААН. Частка медыцынскага абсталявання набыта за кошт ахвяраванняў прыватных асоб – збор быў арганізаваны нямецкай дабрачыннай арганізацыяй «Дамы замест Чарнобыля», частка – цэнтральнай раённай бальніцай. У рэалізацыі праекта таксама ўдзельнічалі Федэральнае міністэрства па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці ФРГ, нямецкія дабрачынныя грамадскія арганізацыі, Лепельскі райвыканкам. Значную дапамогу аказалі валанцёры – маладыя людзі з Германіі і Беларусі, а ў гэтым годзе да іх далучыліся і італьянцы.
Дарэчы, на сустрэчы, якая адбылася ў райвыканкаме, быў падкрэслены вельмі важны аспект удзелу маладых людзей з розных краін не толькі ў рэалізацыі праекта, але і ў адносінах паміж народамі: яны вучацца разумець адзін аднаго і задумваюцца аб шчаслівай будучыні чалавецтва.
Новы ФАП будзе абслугоўваць каля тысячы жыхароў, сярод якіх нямала пажылых людзей і ветэранаў, 30 маладых сем'яў з дзецьмі, якія прыбылі на Лепельшчыну з рэгіёнаў, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, школьнікі Старалепельскай школы, дзеці з мясцовага дзіцячага садка – усе яны маюць патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай меддапамозе і рэгулярным абследаванні.
Нямалаважны аспект: разам з ФАПам здадзены ў эксплуатацыю і новы дом з усімі выгодамі і пяццю пакоямі. Гэта службовае жыллё і яно прызначана для медработнікаў. Што дазволіць вырашыць праблему недахопу і частай змены медперсаналу на вёсцы: нямала спецыялісты з'язджаюць з вёсак з-за адсутнасці жылля і неразвітай інфраструктуры. Сімвалічны ключ ад новага сельскага медустановы быў урачыста ўручаны выконваючаму абавязкі галоўнага ўрача Лепельскага раёна Ільі Шандалесаву.
У свяце прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Рэспубліцы Беларусь Вольфрам Маас, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі, старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Ефрамоў і яго намеснікі, старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Мясюра, старшыня праўлення і выканаўчы дырэктар МГАА «ЭкаДом» Бернд Кемпер і Юрый Супрыновіч, член праўлення БА «Дамы замест Чарнобыля» Гера Мюлер і іншыя нямецкія госці, прадстаўнікі Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ПРААН, і іншыя афіцыйныя асобы, валанцёры і госці. Ад імя ўдзячных лепельчан выступіла ветэран працы Галіна Сяргееўна. Суправаджаў урачыстае адкрыццё ансамбль флейтыстаў «Сірынг» з Мінска, які не раз дапамагаў нашым нямецкім сябрам збіраць ахвяраванні для будаўніцтва аб'ектаў у Старым Лепелі, а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці падрыхтавалі выдатны канцэрт.
Удзельнікі праекта выказалі надзею, што пабудаваны па экалагічнай і энергаэфектыўнай тэхналогіі будынак ФАПа стане мадэльным праектам і знойдзе прымяненне ў іншых сельскіх рэгіёнах Беларусі.
Алена Целятко.
На здымках: 031 – Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Германіі ў Беларусі Вольфрам Маас, старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Ефрэмаў і намеснік губернатара Віцебскай вобласці Уладзімір Церанцьеў; 077 – здымак на памяць аб плённай сумеснай працы на беларускай зямлі.
Фота аўтара.