На Лепельшчыне робіцца нямала, каб людзі з інваліднасцю не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі і паспяхова інтэграваліся ў сацыяльнае жыццё.

На Лепельшчыне робіцца нямала, каб людзі з інваліднасцю не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі і паспяхова інтэграваліся ў сацыяльнае жыццё. На базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра прайшла спартакіяда па мнагаборстве «Здароўе» сярод людзей з інваліднасцю. Гэта традыцыйнае свята, якое праходзіць кожны год. Не стаў выключэннем і гэты год. Тыя людзі з інваліднасцю, якія па медыцынскіх паказчыках не змаглі спаборнічаць, падтрымлівалі сваіх сяброў у якасці заўзятараў. Арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Зразумела, усе віды былі падабраны з улікам фізічных магчымасцей. Гэта эстафета, конкурс капітанаў (дартс), хакей, боўлінг, баскетбол…

Усяго восем конкурсаў. Перамагла каманда «Адрэналін» у складзе Валянціны Кісель, Кацярыны Салодкай, Ігара Манькоўскага, Арцёма Марчанкі, Ірыны Ісаковіч. Другое месца за камандай «Маланка» (Аляксандр Шчарбакоў, Вадзім Бардашэвіч, Юлія Бараноўская, Уладзімір Хоняк, Марыя Кудрашова), трэцяе — «Стрэла» (Сяргей Капусцін, Дзмітрый Лісічонак, Канстанцін Матросаў, Сяргей Марціновіч, Святлана Манчул). Вышэйназваныя каманды ўзмацнілі таксама валанцёры.

Камандам уручылі граматы, а пасля завяршэння спартыўнага свята ўсіх удзельнікаў і заўзятараў чакаў «салодкі стол» у ТЦСА.

Думаецца, галоўная ідэя свята заключалася не ў выніку… Не фізічныя недахопы скаўваюць чалавека з інваліднасцю, а псіхалагічныя бар'еры: няўвага, коса кінуты погляд, асуджэнне… Таму не даём ім замкнуцца ў сабе, прывіваем пачуццё патрэбнасці.