31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абласная спартакіяда сярод клубаў юных алімпійцаў збярэ школьнікаў Віцебскай вобласці на восеньскіх канікулах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прадстаўніцтве НАК у Віцебскай вобласці. Тры зональныя адборачныя туры абласной спартакіяды сярод 20 клубаў юных алімпійцаў пройдуць 2-4 лістапада ў Полацку, Оршы і Віцебску. Усяго на старты выйдуць 160 падлеткаў 12-13 гадоў, якія прадстаўляюць клубы юных алімпійцаў Сенненскага, Віцебскага, Пастаўскага, Шумілінскага, Мёрскага, Верхнядзвінскага, Докшыцкага раёнаў, Віцебска, Наваполацка, Полацка, Оршы. Хлопцам трэба будзе выступіць у асабістых і камандных заліках. Баявы дух удзельнікаў і святочную атмасферу падтрымае Мішка-Алімпішка. З гэтай жа мэтай конкурсная праграма святаў уключае паказальныя выступленні дзіцячых спартыўных і творчых калектываў. Пераможцы будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі, спартыўным інвентаром і прысмакамі. Акрамя таго, дзве лепшыя каманды з кожнага адборачнага тура атрымаюць права прыняць удзел у фінальных спаборніцтвах, якія пройдуць у снежні на зімовых канікулах. Мерапрыемства заклікана папулярызаваць алімпійскі рух, фізічную культуру і спорт, а таксама садзейнічаць у арганізацыі актыўнага адпачынку школьнікаў падчас канікул. Яго арганізатарамі выступілі Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Віцебскай вобласці і ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама.-0-

БЕЛТА