На мінулых выхадных ратавальнікі Віцебшчыны сталі актыўнымі ўдзельнікамі абласнога спартыўна-турыстычнага злёту сярод падраздзяленняў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь.

Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 18 каманд з кожнага рэгіёна вобласці, прысутнічалі і зборныя каманды. Па традыцыі падчас урачыстага адкрыцця культурна-спартыўнага мерапрыемства прывітальнае слова ў адрас ратавальнікаў і іх сем'яў прамовіў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін і пасля ўрачыстага падняцця Дзяржаўнага флага быў дадзены старт першаму спаборніцкаму дню.

З конкурсу «Пажарнае братэрства» апранання баявога адзення і пераадолення дыстанцыі пачаўся спаборніцкі дзень. А далей каманды транспартавалі «пацярпелага», стартавалі з поўным вядром і вогнетушыцелем у руках, пераносілі «карамысла» з пажарных рукавоў і дружна фінішавалі, узяўшыся за рукі.

Далей на валейбольнай пляцоўцы разгараліся няўцешныя страсці – кожны імкнуўся выйсці ў фінал. Паралельна ратавальнікі пераадольвалі дыстанцыю кантрольна-турыстычнага маршруту, удзельнічалі ў конкурсе «Вясёлыя коні», «Вышыбала», перацягвалі канат, праводзілі ратавальную аперацыю на водах у «Ратавальніках-плaўцах», выходзілі на старт сямейнай эстафеты «Разам весялей». Прыйшлося пазмагацца за лепшыя вынікі і кіраўнікам каманд, якія стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, выконвалі практыкаванне па рыўку гіры і металі ядро.

У выніку напружанай барацьбы перамогу атрымала каманда Лепельскага раённага аддзела па НС, другое месца заваявала каманда Лёзненскіх ратавальнікаў, ну а «бронза» дасталася ратавальнікам з Наваполацка.

Турыстычны злёт ратавальнікаў праводзіцца ўжо не першы год і стаў ужо добрай традыцыяй. Спаборніцкія дні праходзяць у вясёлай сяброўскай абстаноўцы і, раз'язджаючыся дадому, пажарныя з нецярпеннем чакаюць сустрэчы ў наступным годзе.