2 снежня бягучага года на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва-Ушачы» адбылася спартландыя, у якой прынялі ўдзел людзі з інваліднасцю і валанцёры з пяці раёнаў Віцебшчыны: Глыбоцкага, Чашніцкага, Лепельскага, Ушацкага і Бешанковіцкага.
Лепель прадстаўляла каманда «Сябры», у склад якой увайшлі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Лепельскага раёна, члены ГА «БелТІЗ» па Лепельскім раёне. У якасці валанцёраў каманду падтрымалі студэнты Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (валанцёрскі атрад «Добрае сэрца» пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Святланы Стэльмах).
На працягу дзвюх гадзін у спартыўнай зале кіпелі эмоцыі. Удзельнікі каманд, якія ў большасці сваёй адчуваюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, паказвалі свае сілы ў імправізаваным боўлінгу, на хуткасць складалі пажаданне сапернікам, пры дапамозе абручоў перакачвалі мячы і нават асвойвалі гульню ў хакей.
Усе каманды ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі. «Сябры» з Лепельшчыны занялі ганаровае трэцяе месца.
Кожны з удзельнікаў сваёй бадзёрасцю, сілай духу даказаў, што ўсе выпрабаванні лёсу пераадольныя, а жыццё з інваліднасцю – не прысуд!